У Мінабароны паведамляюць, што абсалютная большасьць вайскоўцаў, якія захварэлі, — у здавальняючым стане.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як стала вядома Свабодзе, родныя аднаго з афіцэраў беларускай арміі шукаюць донара плязмы крыві, які перахварэў на COVID-19. Яны ня сталі камэнтаваць сытуацыю журналістам.
У Цэнтры трансфузіялёгіі і мэдычных тэхналёгій Свабодзе паведамілі, што прыняць плязму крыві для канкрэтнага хворага могуць толькі ў тым выпадку, калі донарам выступае яго родны. Усім іншым донарам прапаноўваюць здаваць плязму добраахвотна. Рашэньне, каму яна патрэбная ў першую чаргу, прымае лекар, які сочыць за станам пацыента.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адзін выпадак каранавірусу ў беларускім войску: захварэў афіцэр у СлонімеУ Міністэрстве абароны Беларусі Свабодзе паведамілі, што патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх на дадзены момант мае адзін афіцэр.
«На мінулым тыдні мы падавалі інфармацыю аб тым, што ў некалькіх спэцыялістаў Вайсковай акадэміі тэст на каранавірус даў станоўчы вынік, — паведаміла прадстаўніца Мінабароны Натальля Гаўрусік. — Да таго моманту гэтыя супрацоўнікі ўжо знаходзіліся дома на самаізаляцыі праз падвышаную тэмпэратуру і іншыя сымптомы, яны ўжо нейкі час не хадзілі на працу.
Сярод курсантаў Вайсковай акадэміі інфікаваных COVID-19 няма. Абсалютная большасьць вайскоўцаў з СOVID-19 знаходзяцца ў здавальняючым стане і ідуць на папраўку. У падтрымцы ШВЛ цяпер мае патрэбу толькі адзін афіцэр».
Таксама ў Мінабароны адзначылі, што сярод вайскоўцаў тэрміновай службы няма ніводнага чалавека ў цяжкім стане. Вайсковец зь Печаў, які некаторы час быў на ШВЛ, ужо дыхае самастойна.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ