Праціўнік будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці блогер Аляксандар Кабанаў пасьля вызваленьня з Ізалятару часовага ўтрыманьня зноў быў затрыманы.
Як паведаміў Аляксандар Кабанаў БелаПАН, 3 траўня яго выпусьцілі з ІЧУ Ленінскага РАУС Берасьця, дзе ён адбываў 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства». І адразу ж пасьля гэтага затрымалі паўторна.
«Каля 11.30 мяне прывезьлі ў Пінскі ГАУС, — расказаў Кабанаў. — Ніхто не патлумачыў, навошта. Я доўга чакаў супрацоўніка міліцыі, які апытаў мяне паводле нашых відэаматэрыялаў ў праекце „Народны рэпартэр“ на канале YouTube. Прыкладна а 13-й адпусьцілі. Толькі ў 18.30 я здолеў дабрацца да Гарадзішча».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогера Пятрухіна правярае міліцыя — за «паклёп»У пасёлку Гарадзішча на Піншчыне Аляксандар Кабанаў знаходзіўся на самаізаляцыі да 18 красавіка. У той жа дзень яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі і даставілі ў Берасьцце.
Аляксандр Кабанаў і другі актывіст, Дзьмітры Андрасюк, павінны былі выйсці з ІЧУ раніцай 3 траўня пасьля 15-дзённага арышту за ўдзел у акцыі супраць акумулятарнага заводу 12 красавіка ў абласным цэнтры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці затрымалі ўдзельнікаў «кармленьня галубоў» і вызвалілі актывіста Андрасюка, які адбыў 15 сутакСустракаць іх прышла група праціўнікаў заводу. Пасьля таго, як арыштаваныя ў прызначаны час ня выйшлі, бацька Андрасюка зьвярнуўся да кіраўніцтва ўстановы. Яму паведамілі, што і ягоны сын, і Кабанаў «даўно на волі».
Пазьней высьветлілася, што Андрасюка вызваліла толькі ў другой палове дня, а Кабанава адвезьлі ў Пінск, каб тыя не далучыліся да пратэстоўцаў, якія па нядзелях зьбіраюцца на берасьцейскай плошчы Леніна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фальшаваньне службовых дакумэнтаў». Таямнічы судовы працэс у БерасьціЖыхары рэгіёну лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Пры рэалізацыі праекту ўжо выявілі шэраг парушэньняў.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.