Лекар хуткай дапамогі ў Варонежскай вобласьці Аляксандр Шулепаў выпаў з акна шпіталя, дзе ён лячыўся ад каранавірусной інфэкцыі, паведаміў «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службы абласнога дэпартамэнту аховы здароўя. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелы знаходзіцца ў рэанімацыі з пераломам асновы чэрапа.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У канцы красавіка Аляксандр Шулепаў запісаў са сваім калегам відэа, у якім паведаміў, што, нягледзячы на дыягназ «каранавірус», яго не зьнялі са зьмены і прымусілі працягваць працаваць.
Раней расейскія мэдыі паведамілі пра падобны інцыдэнт у Краснаярску. Галоўная лекарка Краснаярскага шпіталя для вэтэранаў войны Алена Няпомняшчых выпала з акна падчас сэлектарнай нарады з кіраўніком рэгіянальнага Міністэрства аховы здароўя. Тады абмяркоўваўся пачатак прыёму хворых на каранавірусную інфэкцыю ў адным з карпусоў. Лекарка была супраць з прычыны вострага недахопу сродкаў аховы і агульнай непадрыхтаванасьці пэрсаналу. 2 траўня стала вядома, што Алена Няпомняшчых памерла.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ