Радзівілы, якія лічацца адным з самых уплывовых магнацкіх родаў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, мелі шмат замкаў і фартэцыяў. Зь іх 16 былі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Хто іх будаваў, як яны дзейнічалі, чым іх баранілі і ад каго абараніцца не ўдавалася? Пра ўмацаваныя рэзыдэнцыі Радзівілаў у інтэрвію Свабодзе апавядае кандыдат гістарычных навук, старэйшы навуковы
супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Мікола Волкаў. Нядаўна выйшла яго новая кніга «Замкі і фартэцыі Радзівілаў».
Глуск, Давыд-Гарадок, Капыль, Клецак, Койданава, Копысь, Любча, Магільна, Мір, Мядзел, Нясьвіж, Пячкоўскі Гарадок, Сьвержань, Сьвіслач, Слуцак, Старое Сяло. Усімі гэтымі замкамі ў XVI — пачатку XVIII ст. валодалі Радзівілы. Калі б не яны, то беларусы ня мелі ў сябе ніводнага сапраўднага замку, кажа гісторык.
Пячкоўскі Гарадок — першы замак Радзівілаў
Большасьць рэзыдэнцыяў Радзівілаў мелі традыцыйныя для беларускіх земляў драўляныя ўмацаваньні. У пераважнай большасьці гэта былі замкі, якія паўсталі на месцы гарадоў старажытнага часу. Усе рэзыдэнцыі такога кшталту перайшлі ў валоданьне Радзівілаў у XVI ст.
Прасачыць іх гісторыю можна дзякуючы багатаму родаваму архіву, які лічыцца адным з найлепш захаваных прыватных архіваў ва ўсёй Рэчы Паспалітай. А падчас працы над кнігай Міколу Волкаву ўдалося знайсьці першую ўласна радзівілаўскую фартэцыю ў Беларусі.
«Гэта ня нейкі пампэзны замак, а Гарадок, як ехаць на Маладэчна. Там ёсьць гарадзішча, а вакол яго вал. Ён называўся яшчэ Пячкоўскі гарадок ці Ярад-Гарадок. Вось гэта было ўмацаваньне першай чвэрці XVI ст. і гэта быў першы замак Радзівілаў на тэрыторыі Беларусі».
Збудаваны ён быў паводле новых тэндэнцыяў, калі навокал капца быў вал. Гэтую рэзыдэнцыю Радзівілы збудавалі самі, а не атрымалі ад іншага роду.
«Эўрапейскія тэндэнцыі ў нас адаптоўвалі да мясцовых рэаліяў»
Выбіраючы майстроў, якія будавалі замкі, Радзівілы не выяўлялі залішняга патрыятызму. Гэта былі або мясцовыя архітэктары, навучаныя эўрапейскім тэорыям, або італьянцы ці немцы. Была пэўная арыентацыя на тутэйшыя традыцыі, але агулам трымаліся агульнаэўрапейскіх тэндэнцыяў, бо ніякай «беларускай» ці «літоўскай» школы не было, кажа Мікола Волкаў.
Але гэта ня значыць, што Радзівілы не былі патрыётамі. Так было паўсюль. Найвышэйшы стан ува ўсёй Эўропе адчуваў паміж сабой лучнасьць і аддаленасьць ад простых людзей.
«Спэцыфіка на беларускіх землях ВКЛ была ў арганізацыі гэтых абарончых рэзыдэнцыяў. Яна была зьвязаная зь мясцовай традыцыяй. Напрыклад, разьмяшчэньне на ўваходзе вежаў — вежа-брама мусіла быць абавязкова. Пра што гэта сьведчыць? Для мясцовага найвышэйшага стану была важная нейкая лучнасьць зь мясцовай палітычнай традыцыяй. Маюцца на ўвазе вялікія літоўскія князі, якія калісьці так будавалі свае замкі. А ўсе эўрапейскія тэндэнцыі ў нас адаптоўвалі да мясцовых рэаліяў».
Дзякуючы дзейнасьці біржанскіх Радзівілаў, найперш Януша і Багуслава, на беларускіх землях паўстаў шэраг умацаваньняў старагаляндзкага тыпу. Моцным імпульсам для гэтага сталі працяглыя войны сярэдзіны XVII ст. Найбольш значным дасягненьнем стала мадэрнізацыя фартыфікацыяў Слуцку. Акрамя таго, перабудавалі замак у Копысі, а таксама пачалі ўзводзіць земляныя бастыённыя фартыфікацыі ў Сьвіслачы. Пад уплывам старагаляндзкай фартыфікацыі змадэрнізавалі замак і гарадзкія ўмацаваньні ў Нясьвіжы.
«Стрымаць варожыя войскі на памежжы было складана»
Вельмі часта людзі ўяўляюць сабе старажытную дзяржаву ў сучасным сэнсе: зь мяжой, памежнікамі, войскамі, якія строга бароняць мяжу. Насамрэч арганізацыя абароны да XVIII ст. была такая, што стрымаць на памежжы варожыя войскі было складана.
«Разбуральныя рэйды маглі даходзіць да глыбіні дзяржавы. У XVI ст. пагрозу адчувалі нават у Вільні, дзе ўзьвялі ўмацаваньні. Замак будавалі, напрыклад, і ў Маладэчне. Гэта ўсё з прычыны адчуваньня пагрозы. Але і ў цэнтры, напрыклад, Клецкі замак умацавалі ў XVI ст, бо баяліся нападаў татараў, а пазьней казакоў».
Яшчэ адна прычына — магнацкая рэзыдэнцыя мусіла быць прадстаўнічая. Для самасьцьвярджэньня кіроўнай палітычнай эліце трэба было абавязкова даказаць свой статус — што ты рыцар, што ў цябе мацнейшыя за іншых сядзіба і дом.
«І гэта выяўлялася ў тым ліку ў фартыфікацыях і колькасьці ўзбраеньня, якое ты назапасіў, войску, якое можаш выставіць. Гэта працягвалася да XVIII ст., калі Нясьвіскі замак ужо не адыгрываў нейкай істотнай ролі ў ваенным пляне. Радзівілы проста назапашвалі значны арсэнал і гэтым сымбалічна пацьвярджалі, што яны вартыя займаць найвышэйшыя палітычныя і вайсковыя пасады».
«Найлепшымі абаронцамі фартэцыяў былі найміты»
Да сярэдзіны XVII ст. у ВКЛ не было дзяржаўнага пастаяннага войска. Яго склікалі ў выпадку вайны. У пачатку XVIII ст. стала зразумела, што найміты больш прафэсійныя. І магнаты, і дзяржава наймалі сабе харугвы і палкі наймітаў, як у выпадку Багуслава Радзівіла ў Слуцку. Іх ставілі ў сваіх фартэцыях, і найміты іх абаранялі.
«Але тых наймітаў наймалі толькі ў выпадку небясьпекі. Безупынна іх не трымалі, бо гэта каштавала велізарных грошай. Калі войны зацягваліся, то ўтрыманьне такіх жаўнераў вельмі шмат каштавала, і магнаты ў часе „Патопу“ пачалі прыдумляць такія штукі — яны перакідвалі ўтрыманьне вялізных гарнізонаў на плечы дзяржавы. Рэч Паспалітая была гатовая фінансаваць Слуцак і Нясьвіж».
Нягледзячы на велізарныя рэсурсы магнатаў, яны не маглі сабе дазволіць утрыманьне нагэтулькі моцных і эфэктыўных фартэцыяў, якія былі патрэбныя ўжо ў сярэдзіне XVII ст. Умовы ваенных дзеяньняў настолькі зьмяніліся, што магнаты проста не маглі за гэтым пасьпець і быць самі сабе ўладарамі. Яны мусілі спадзявацца на рэсурсы дзяржавы.
Зброю Радзівілы або куплялі, або замаўлялі ў людвісароў. Калі аб’ёмы былі невялікія, то прасьцей было закупіць у Вільні, у Кракаве ці Львове, Гданьску ці Рызе. Калі будавалі фартэцыю, як Нясьвіскі замак, і мусілі ствараць вялікі арсэнал, то было больш лягічна наняць людвісара, каб той на месцы адліў гарматы.
«Так у Нясьвіскім замку, калі запрасілі Германа Мольцфэльта і ён адліваў у Нясьвіжы гарматы. Але ў Нясьвіжы была яшчэ спэцыфіка: для Радз івіла „Сіроткі“ быў важны выгляд гарматаў. І гэта былі сапраўды прыгожыя гарматы, а разам з тым дзеяздольныя. Так і з рэзыдэнцыямі, што таксама і ўражвалі прыгажосьцю, і маглі абараніць».
«„Патоп“ паказаў, што гэта былі эфэктыўныя ўмацаваньні»
Пачынаючы з апошняй чвэрці XVI ст. магнацкія фартэцыі, на будаўніцтва і мадэрнізацыю якіх ішлі значныя сродкі, набылі істотнае значэньне ў сыстэме абароны дзяржавы, што асабліва выразна праявілася ў часе вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг.
Цягам першых двух гадоў велізарная маскоўская армія здолела зламаць памежную лінію абароны ВКЛ і заняла амаль усю тэрыторыю дзяржавы, аднак моцны адпор захопнікам ставілі акурат магутныя прыватнаўласьніцкія фартэцыі Радзівілаў у Слуцку і Нясьвіжы, а таксама Сапегаў у Быхаве і Ляхавічах.
Але эфэктыўнымі былі замкі і фартыфікацыі, якія былі добра падрыхтаваныя. Важнымі былі ня гэтулькі валы вакол, колькі зброя і гарнізон. Калі Радзівіл мог наняць некалькі соцень ці нават тысячу жаўнераў і забясьпечыць іх порахам, тады б такое ўмацаваньне ўзяць было б вельмі складана.
«Падзеі XVII ст., „Патопу“, паказалі, што магнаты маглі толькі кароткі час забясьпечыць гэтыя фартэцыі гарнізонам, на большае ім проста не хапала грошай. Нават эфэктыўныя ўмацаваньні з добрым арсэналам маглі быць страчаныя, бо бракавала рэсурсаў наняць і забясьпечыць гарнізон. Але „Патоп“ паказаў, што гэта былі эфэктыўныя ўмацаваньні».
У біёграфа швэдзкага караля Карла XII Густава Адлерфэльда ёсьць згадка, як швэды «ўвайшлі ў адзін з найлепшых замкаў у Польшчы». Ідзецца пра захоп Нясьвіскага замку.
«Ён капітуляваў. Там было няшмат людзей, і мяшчане, каля 300 чалавек, былі проста ў жаху. Прыйшоў сам Карл XII, якога ўсе страшна баяліся, сам кароль, і яны здаліся. Было маральна цяжка яму супрацьстаяць».
Самыя ўмацаваньні, лічыць гісторык, маглі б супрацьстаяць тым жа швэдам, але не было добрага гарнізону. Каб ня страціць замак, патрэбная была дапамога звонку ад палявой арміі. А ў Нясьвіжы ў 1706 годзе не было надзеі, што армія падыдзе.
«Абараняцца проста не было сэнсу. Калі браць „Патоп“, то Слуцак яўна ўражваў ворага. У тым ліку маскоўскіх і казацкіх старшынаў. Яны ў 1655 годзе двойчы „круціліся“ каля Слуцка з даволі значнымі войскамі. Хоць у іх былі дзясяткі тысяч чалавек, але яны не наважыліся на штурм, бо ўмацаваньні былі даволі паважныя. Гэта пагражала ім вялізнымі стратамі і дэмаралізацыяй арміі».
Як Слуцак мог стаць цэнтрам новай дзяржавы
Калі пачалося моцнае разлажэньне Рэчы Паспалітай, калі каронныя гетманы паддаліся швэдам і зьбег кароль, то зьявіўся вакуўм улады. На Літве ня ведалі, што рабіць. Януш і Багуслаў Радзівілы надумалі перайсьці пад апеку швэдаў, каб хоць неяк абараніцца ад Масквы.
«Януш памёр, але Багуслаў вырашыў стварыць пад пратэктаратам швэдаў сваё княства. І стварыць ён яго хацеў з апорай на радзівілаўскія фартэцыі. У яго быў Слуцак, там стаяў тысячны гарнізон, гэта другая палова 1655 году, калі было няясна, хто перамагае і што будзе».
Багуслаў вырашыў падпарадкаваць сабе ўсё Наваградзкае ваяводзтва і Падляшша і, каб у перамовах са швэдамі ўсталяваць сваю дамінацыю, стварыць сваё ўласнае напаўнезалежнае княства пад швэдзкай пратэкцыяй. Ён заняў Нясьвіж і Мірскі замак. Менавіта яны мелі стаць апорай гэтай акцыі.
«Цяпер мы гэта ацэньваем як авантуру, але ў цэлым, калі б гэтая гісторыя пайшла іначай, то хто яго ведае, што магло б выйсьці для гісторыі Беларусі».
Ня толькі Радзівілы
Радзівілы былі найбуйнейшымі лятыфундыстамі на землях ВКЛ і ў Рэчы Паспалітай. Але ў іх былі канкурэнты ў раньнім Новым часе. Гэта найперш Хадкевічы, а пасьля Сапегі. Сапегі валодалі таксама велізарнымі маёнткамі і мелі два вялікія ўмацаваньні — Быхаў і Ляхавічы.
Паводле Волкава, яны патэнцыйна маглі зраўняцца з радзівілаўскімі патэнцыялам, але праблема ў вывучэньні спадчыны Сапегаў яшчэ і ў тым, што іх архівы раскіданыя, знаходзяць толькі асобныя дакумэнты.
«Сапегі мелі праблемы. Ляхавічы закінулі ўжо ў XVIII ст. Быхаў падтрымлівалі да пачатку XIX стагодзьдзя, але, напрыклад, закінулі Ружаны. Сапегі не выкарыстоўвалі свае маёнткі працягла. У Радзівілаў жа пэўны кантынуітэт — іхныя фартэцыі і замкі доўгі час выкарыстоўваліся».
У часы «Патопу» адбылася абарона Ляхавічаў, якую называлі «літоўскай Чэнстаховай». У 1660 Ляхавічы вытрымалі два штурмы, рыхтаваўся трэці. Падчас «Патопу» і Паўночнай вайны моцна абараняўся і Быхаў. Яго аблажылі двойчы.
«Радзівілы прыйшлі па слуцкую княжну з сваім войскам»
Але часам абарончыя ўмацаваньні выкарыстоўвалі, каб уражваць канкурэнтаў унутры ВКЛ. Даходзіла і да канфліктаў. Адзін з найбольшых канфліктаў разгарэўся на пачатку XVII ст., калі выдавалі замуж Сафію Слуцкую.
«Гэта быў канфлікт паміж Хадкевічамі і Радзівіламі. За слуцкай княжной было ўсё Слуцкае княства. І гэта было вельмі значнае пераразьмеркаваньне зямельнага фонду. Хадкевічы, якія апекаваліся княжной, не хацелі саступаць Радзівілам, а апошнія настойвалі на выкананьні дамовы, паводле якой Соф’я мусіла пайсьці за Януша Радзівіла. Радзівілы прыйшлі па слуцкую княжну ў Вільню з сваім войскам ледзь ня ў 7 тысяч чалавек. А ў Хадкевічаў войска было меншае, пад 4 тысячы. Яны ледзь не ўчынілі вайну. Хадкевічы ўмацавалі свае аб’екты. Магла адбыцца маштабная ўзброеная сутычка».
Былі забаўныя рэмаркі ў лістах пра Ляхавіцкі замак у гетмана Яна Караля Хадкевіча, кажа Волкаў. Ён пісаў, што ня можа езьдзіць без аховы, бо ў яго ў Слуцку ёсьць «любімы сусед» Януш Радзівіл.
«Яны зь ім у рокашы Зэбжыдоўскага (бунт шляхты супраць Жыгімонта ІІІ Вазы — РС) былі па розныя бакі і адпаведна Януш мог яму адпомсьціць. Але каб узяць такі замак, то патрэбныя былі рэсурсы не магната, а добра арганізаванай дзяржаўнай арміі. Для суседа-магната гэта былі вельмі якасныя фартыфікацыі».
«Пасьля Паўночнай вайны рэзыдэнцыі перасталі адыгрываць ваенную ролю»
Пасьля кожнага разбурэньня Радзівілы ўзводзілі дахі, аднаўлялі скляпеньні. Менавіта таму, лічыць Мікола Волкаў, у Беларусі ёсьць замкі. Пазьней пра гэтыя рэзыдэнцыі дбалі пераемнікі Радзівілаў — Вітгенштэйны і Сьвятаполк-Мірскія.
«Калі б на пэўным этапе гэтыя людзі вырашылі заашчадзіць сродкі і ня ўтрымліваць гэтыя рэзыдэнцыі, то да нашых часоў засталіся б толькі маляўнічыя руіны».
Заняпаду радзівілаўскіх замкаў і фартэцыяў, паводле гісторыка, не было, бо магнаты карысталіся імі заўсёды. Іншая рэч — ужо пасьля вялікай Паўночнай вайны стала зразумела, што гэтыя замкі ваеннай ролі не адыгрываюць. Іх пачалі ператвараць у паўадкрытыя рэзыдэнцыі.
«Але нават у 1706 годзе, калі швэды разбурылі Нясьвіскі замак, Караль Станіслаў Радзівіл, тагачасны ўласьнік, вярнуўся ў Нясьвіж і задумаўся, каб яго аднавіць. Пры гэтым ён ня стаў аднаўляць арсэнал, а значыць, не хацеў прыстасоўваць замак да ваенных патрэбаў».
Меркавалася, што гэта будзе адкрытая рэзыдэнцыя. Але яго наступнік, сын Міхал Казімер, зрабіў усё ж у замку арсэнал, перабудаваў рэзыдэнцыю, аднавіў валы і надаў рэзыдэнцыі штучны выгляд абарончага замку.
«Ён сапраўды мог абараняцца, там была артылерыя, і пару разоў Масква брала яго ў аблогу. Але гэта была больш сымболіка. І нават ня дзеля таго, каб „пужаць маскоўцаў“, а для мясцовага люду, каб паказаць рыцарскую традыцыю і арыстакратычнасьць роду Радзівілаў».