30 красавіка ў Лёзьне памёр краязнаўца і рэжысэр лёзьненскага народнага тэатру Генадзь Цыганкоў. Пра гэта Свабодзе паведаміў віцебскі рэжысэр Ігар Баярынцаў. Па ягоных словах, у 57-гадовага мастацкага кіраўніка лёзьненскага народнага тэатра быў выяўлены каранавірус.
Баярынцаў дадаў, што ў Цыганкова да таго ж быў цукровы дыябэт і ён быў больш уразьлівым да вірусу.
Пра свайго калегу Ігар Баярынцаў напісаў у сябе ў фэйсбуку.
«Найлепшыя гады свайго жыцьця ён аддаў маленькаму мястэчку на мяжы з Расеяй. Ставіў спэктаклі, арганізоўваў раённыя тэатральныя фэстывалі, аказваў неацэнную дапамогу вясковым тэатральным калектывам. Са сваімі спэктаклямі неаднаразова ўдзельнічаў у абласных фэстывалях тэатральнага мастацтва, шмат гастраляваў»
Па словах Баярынцава, Генадзь Цыганкоў шмат зрабіў, каб вярнуць імя Марка Шагала ў Лёзна. Бо па некаторых зьвестках, Шагал нарадзіўся ня ў Віцебску, а ў суседнім Лёзьне. З гэтай нагоды Генадзь Цыганкоў стварыў у Лёзьне раённае шагалаўскае сьвята.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 72 выпадкі каранавірусу пацьвердзілі ў Докшыцах. Стала вядомая статыстыка зь ВіцебшчыныГенадзь Цыганкоў быў вядомы і як краязнаўца.
«Я жыву ў самым паўночна-усходнім кутку краіны, Лёзьненшчыне — пісаў Цыганкоў, — радзіме Шагала, Нікіфароускага, Міхася Лынькова, кінакрытыка Эўфрасіньні Бондаравай і іншых цікавых асобаў, ад якой дзяржаўная мяжа са Смаленшчынай крышку болей за 10 км. Часта ў тых, што завітваюць да нас, узьнікае зьдзіўленьне: што ў нас гавораць слова „мальцы“, а ня „хлопцы“, што мы размаўляем, як, дарэчы і кожны памежны рэгіен, на сваёй асобнай мове — над якой усе грамацеі сьмяюцца і лічаць яе трасянкай... Ёсьць у нас свае асобныя традыцыі, звычаі і міты (падобныя на творы Гогаля ці Баршчэўскага)».
Па інфармацыі Віцебскага абласнога штабу супрацьдзеяньня пашырэньню каранавірусу, па стане на 17 красавіка ў Лёзьненскім раёне былі зафіксаваныя 22 выпадкі захворваньня на COVID-19.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пік эпідэміі будзе ў канцы траўня, — беларускі эпідэміёляг