У Беларусі ніводзін школьнік не застаўся па-за ўвагай, заявіў міністар адукацыі Ігар Карпенка падчас наведваньня сярэдняй школы № 64 Менска.
«Можа, наведвальнасьць школаў сёньня невялікая, але, разам з тым, я лічу, што мы ніводнае дзіця не пакінулі без увагі, — цытуе БелТА чыноўніка. — У прэсе шмат укідаў з нагоды атэстацыі. Хай бацькі не хвалююцца: мы ўсіх атэстуем. Неабходная нарматыўная база для гэтага ёсьць».
Ігар Карпенка сказаў, што «перанос цэнтралізаванага тэставаньня пакуль не разглядаецца». Але дадаў, што пры неабходнасьці пераносу гэта «можна абмяркоўваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыглядаюся да дзяцей» — Ганна Севярынец пра гібель «старога сьвету паслухмяных чыноўнікаў»Тым часам на сайце Petitions.by працягваецца збор подпісаў пад зваротам «За адстаўку міністра адукацыі Ігара Карпенкі».
У пэтыцыі заяўляюць, што міністар ня справіўся з выклікамі, якія ўзьніклі праз пандэмію каранавірусу:
• ня здолеў арганізаваць дыстанцыйнае навучаньне
• не гарантаваў бясьпеку навучэнцаў праз адмену ці перанос заняткаў
• не акрэсьліў пазыцыю ведамства адносна адукацыйнага працэсу
• удвая павялічыў нагрузку настаўнікаў праз падзел школьнікаў
• даў інструкцыю, каб вучняў атэставалі за тры чвэрці замест чатырох
• не праверыў тэхнічныя магчымасьці для дыстанцыйнай адукацыі
• не падтрымаў бясплатны доступ у інтэрнэт для навучэнцаў і настаўнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі шмат пытаньняў з гэтым». Міністэрства адукацыі пра атэстацыю школьнікаў, якія засталіся домаНа момант публікацыі пэтыцыю за адстаўку міністра адукацыі Ігара Карпенкі падпісалі звыш 4800 чалавек.