У Менску прэзэнтавалі праект «кітайскага» басэйну міжнароднага стандарту. ФОТА

Праект басэйну, фота з Тэлеграм-каналу Менгарвыканкаму

Будаўніцтва басэйна плянуюць пачаць у трэцім квартале 2020 году і завяршыць працы да канца 2023 году, паведамляе Менгарвыканкам у афіцыйным тэлеграм канале. Цяпер на пляцоўцы ідзе падрыхтоўка тэрыторыі.

Басэйн разьмесьціцца на вуліцы Кальварыйскай у Менску, ён адпавядае стандартам, зацьверджаным Міжнароднай фэдэрацыяй плаваньня (FINA). Тут можна будзе праводзіць як нацыянальныя спаборніцтвы, так і першынствы міжнароднага ўзроўню па плаваньні, скачках у ваду, сынхронным плаваньні і водным пола, адзначае Менгарвыканкам. Акрамя спартоўцаў, займацца плаваньнем тут змогуць і гараджане.

Вышыня будынка складзе каля 30 мэтраў, плошча — 40 тысяч м2. Унутраную прастору падзеляць на тры зоны: для спаборніцтваў, адпачынку, разьмінкі і трэніроўкі. Сачыць за спаборніцтвамі змогуць 6 000 гледачоў.

Акрамя асноўнага басэйну для спаборніцтваў, у будынку будуць басэйны для скачкоў у ваду, разьмінкі, навучаньня плаваньню дзяцей, а таксама басэйн СПА-цэнтру. Абсталююць у будынку і спартыўную залю.

У дызайнэрскім афармленьні выкарыстаюць колеры дзяржаўнага сьцяга і элемэнты беларускага арнамэнту. Галоўны фасад зробяць у выглядзе 5 злучаных ромбаў, «якія нагадваюць беларускія ўзоры і вядомыя кітайскія вузлы», што павінна «сымбалізаваць нацыянальныя традыцыі беларускага народа і сяброўства паміж Беларусьсю і Кітаем».

Побач з басэйнам зробяць спартыўны парк, дзе можна будзе пакатацца на скейтбордзе, пазагараць на пяшчаным пляжы, паплаваць у басэйне.

У чэрвені 2018 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб падрыхтоўцы тэрыторыі для будаўніцтва басэйна міжнароднага стандарту на Кальварыйскай (на месцы былой друкарні «Чырвоная зорка»). Яго да 2023 году ўзьвядзе Кітай за свае грошы, а потым перадасьць беларускаму боку ў якасьці падзякі за права рэалізоўваць на тэрыторыі Беларусі буйныя эканамічныя праекты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10,3 мільёна беларускіх рублёў: столькі каштавала Менску падрыхтоўка пляцоўкі пад кітайскі басэйн

Пляцоўку для басэйну рыхтуюць за кошт бюджэту Менску. Паводле інвэстыцыйнай праграмы Менску на 2020 год, каштарыс падрыхтоўкі складае 13,1 мільёна беларускіх рублёў. У яе ўваходзяць знос будынкаў (у першую чаргу — «Чырвонай зоркі») і праца з інжынэрнымі сеткамі: іх капітальны рамонт, вынас, перанос, знос і ўзьвядзеньне.

Кітай таксама мае пабудаваць Нацыянальны стадыён на вуліцы Ванеева ў Менску. Паводле папярэдніх разьлікаў, на будоўлю стадыёна і басэйна неабходна каля 180 мільёнаў даляраў.