Хутка і бяз сплаты падаткаў у Беларусь могуць даставіць антысэптык, тэсты, сродкі індывідуальнай абароны і іншае. Але трэба сабраць грошы.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Прадстаўнік Дзіцячага фонду Арганізацыі аб’яднаных нацыяў (UNICEF) у Беларусі Рашэд Сарвар зьвярнуўся з адкрытым лістом да беларускіх бізнэсоўцаў: прапанаваў сабраць паўтара мільёна даляраў на дапамогу беларускім мэдыкам у змаганьні з COVID-19.
Сваю прапанову ён называе «пэўна, найбольш складанай экстранай апэрацыяй у гісторыі Беларусі»: гэта пастаўка найбуйнейшай партыі мэдычнага абсталяваньня і матэрыялаў у супрацы з хабам у дацкім Капэнгагене. UNICEF вызвалены ад падаткаў і мытаў пры ўвозе грузаў у Беларусь, тлумачыць ён, а досьвед супрацы з урадам дазволіць пазьбегнуць затрымак пры дастаўцы і «легалізацыі» грузу.
Калі беларусы зьбяруць 1 500 000 даляраў, UNICEF абяцае паставіць:
- звыш 1,5 млн літраў антысэптыку;
- звыш 100 тысяч тэст-сыстэмаў;
- прыборы дыстанцыйнага вымярэньня тэмпэратуры, гігіенічныя наборы, кіслародныя канцэнтратары і іншае.
Паводле прадстаўніка UNICEF, гэтага хопіць на чатыры месяцы працы беларускіх лякарняў, а даставіць усё гэта змогуць за шэсьць тыдняў.
Сродкі пойдуць выключна на куплю і дастаўку грузу, абяцае UNICEF, а пасьля будзе дадзена публічная справаздача. Грошы можна пераводзіць праз сыстэму АРІП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кампанія #ByCovid19 расказала, колькі мае валянтэраў і чаму з ахвяраваньняў бяруць камісіюШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.