Амэрыканская кінаакадэмія ўпершыню дазволіла намінаваць на «Оскар» фільмы, якія з прычыны пандэміі паказалі толькі онлайн. Пра гэта паведамляецца на сайце прэміі. Зьмены закрануць толькі намінантаў 93-й цырымоніі «Оскар», якая заплянавана на канец лютага 2021 году.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Да гэтага часу фільм, які прэтэндуе на «Оскар», трэба было паказваць у адным з камэрцыйных кінатэатраў Лос-Анджэлеса тры разы на дзень на працягу тыдня да канца году, які папярэднічае прэміі. Аднак праз пандэмію каранавірусу з 16 сакавіка ўсе кінатэатры Лос-Анджэлеса былі зачыненыя. З гэтай прычыны выхад многіх карцін скасавалі: у тым ліку гэта закранула фільм пра Джэймса Бонда «Ці ня час паміраць», а таксама карціны «Місія невыканальная» 7 і 8.
Цяпер узнагароду за найлепшую карціну, а таксама прэміі ў асноўных і спэцыяльных намінацыях змогуць атрымаць фільмы, якія спачатку зьявіліся на камэрцыйных стрымінгавых рэсурсах ці VOD-плятформе (відэа на запыт).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўныя кінафэстывалі сьвету пакажуць новыя фільмы на YouTubeУладальнікі карцін, якія прэтэндуюць на «Оскар», павінны даць чальцам кінаакадэміі іх копіі для прагляду на спэцыяльным абароненым сайце на працягу 60 дзён зь дня выхаду фільмаў онлайн. Пры гэтым фільмы павінны адпавядаць усім іншым крытэрам, неабходным для вылучэньня на «Оскар», гаворыцца ў паведамленьні Акадэміі.
Напярэдадні стала вядома, што з 29 траўня па 7 чэрвеня больш за 20 буйных міжнародных кінафорумаў, уключаючы Канскі, Бэрлінскі, Вэнэцыянскі, фэстывалі ў Таронта, Нью-Ёрку, Лёндане, Лакарна, Сан-Сэбасьцьяне, Карлавых Варах правядуць онлайн-фэстываль. Гледачы змогуць бясплатна паглядзець фільмы на афіцыйным youtube-канале фэстывалю.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ