Яшчэ адзін сумны рэкорд: + 919 інфікаваных. Памерлі 79. Вынікі 28 красавіка

Радаўніца, чарнобыльская зона, Веткаўскі раён, могілкі, 28 красавіка 2020

Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 28 красавіка.

  • Паводле міністэрства аховы здароўя, на раніцу 28 красавіка ў Беларусі зафіксавалі агулам 12 208 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя); 79 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, гэта ня так);
  • Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі Яанна Казана-Вісьнявецка 28 красавіка выступіла са зваротам да беларусаў і беларускіх уладаў. Яна заклікала людзей заставацца дома, і нагадала рэкамэндацыі САЗ, сярод якіх — адмена масавых мерапрыемстваў.
  • У БПЦ пацьвердзілі, што ў манастыры, які наведваў Лукашэнка на Вялікдзень, каранавірус. Мужчынскі праваслаўны манастыр у вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёну знаходзіцца на карантыне, наведваць яго нельга.
  • У менскім шпіталі памёр Анатоль Тарэеў, начальнік аддзелу аптычных сыстэм прадпрыемства «Пеленг», якое падпарадкоўваецца Дзяржаўнаму вайскова-прамысловаму камітэту Беларусі.
  • Генэральны сакратар NATO абвінаваціў Кітай і Расею ў пашырэньні дэзынфармацыі аб супрацьдзеяньні пандэміі каранавірусу.
  • Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падоўжыў абмежавальныя меры ў Расеі. Пэрыяд непрацоўных дзён у Расеі захаваецца да 11 траўня Пуцін заявіў, што краіне ўдалося стабілізаваць сытуацыю з разьвіцьцём эпідэміі каранавірусу, але самы небясьпечны момант яшчэ ня пройдзены.
  • У Міністэрстве адукацыі лічаць, што студэнты і школьнікі мусяць асабіста прысутнічаць на атэстацыі. Пра гэта заявіў начальнік галоўнага ўпраўленьня прафэсійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Касьпяровіч на тэлеканале СТВ.
  • Кіраўнік Мэдычнай асацыяцыі Японіі Эсітаке Якакура заявіў, што краіне будзе складана прыняць перанесеныя на наступны год Алімпійскія гульні ў адсутнасьць вакцыны ад каранавірусу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ