«Працаваць лепш, чым бязьдзейнічаць». Віцебская рэстарацыя ўжо месяц гатуе абеды для мэдыкаў. ВІДЭА

Рэстарацыя «Витебский трактир» адной зь першых у горадзе пачала бясплатна карміць мэдыкаў. На рэстараннай кухні, разьлічанай на індывідуальныя замовы, штодня гатуюць больш за сто абедаў.

Прадуктамі і грашыма ініцыятыву падтрымліваюць пастаўнікі, буйныя гандлёвыя сеткі, прадстаўнікі дабрачынных арганізацый і простыя гараджане.

«Я меркаваў, што гэта працягнецца максымум тыдні два-тры»

«Витебский трактир» цягам дваццаці гадоў месьціцца ў адным з гістарычных будынкаў у цэнтры Віцебску.

Рэстарацыя спэцыялізуецца на беларускіх і эўрапейскіх стравах. Ужо амаль месяц яе кухня працуе пераважна для мэдыкаў. Штодзень тут гатуюць бясплатныя абеды для лекараў спэцыялізаванага клінічнага цэнтру, былой чыгуначнай лякарні.

«У некаторых нашых супрацоўнікаў сваякі і сябры працуюць у гэтай лякарні. Яны расказалі, што хворых шмат, не хапае сродкаў індывідуальнай абароны, лекары моцна стамляюцца, нічога не пасьпяваюць, нават паесьці, — кажа сузаснавальнік і дырэктар рэстарацыі Аляксандар Абадоўскі. — А ты прыходзіш на працу — людзей няма ні раніцай, ні ў абед, ні ўвечары. Усе размовы вядуцца вакол каранавірусу. Працаваць лепш, чым бязьдзейнічаць, і я вырашыў, што будзем хаця б нечым дапамагаць».

Аляксандар Абадоўскі

1 красавіка Аляксандар адвёз у клінічны цэнтар першую партыю абедаў.

«Калі мы прымалі такое рашэньне, я меркаваў, што гэта працягнецца максымум тыдні два-тры, і мы справімся ўласнымі сродкамі. У нас былі добрыя складскія запасы і спадзяваньні, што хтосьці з пастаўшчыкоў пасьля дапаможа, — тлумачыць ён. — Так бы мовіць, давалі нырца ў сухую зямлю — ня ведалі, як гэта будзе».

«Пачыналі з 30 абедаў, цяпер кормім 125 чалавек кожны дзень»

Рэстаратар адзначае, што спачатку разьлічваў на 30–50 абедаў штодня.

«Цяпер мы кормім 125 чалавек кожны дзень. З прычыны таго, што лякарня перапоўненая, дадаткова вывелі мэдыкаў, лекары працуюць на дзьве зьмены. Мы вырашылі, што будзем карміць усіх, але прыйдзецца зьвярнуцца па дапамогу. Бо на 125 абедаў — а гэта гарачыя стравы на першае і другое, а таксама салата — ідзе 400–450 рублёў у дзень. І гэта сабекошт толькі прадуктаў».

Каб не спыняць пачатага, рэстарацыя адкрыла збор сродкаў на MolaMola. Дапамогу прапануюць пастаўшчыкі, гандлёвыя сеткі, простыя гараджане і прадстаўнікі дабрачынных арганізацый. Хтосьці падтрымлівае грашыма, хтосьці прадуктамі. Цяпер вітаецца любая дапамога.

«Аднойчы мужчына прывёз мяшок бульбы, — узгадвае рэстаратар. — Адзін чалавек зайшоў да нас і прапанаваў аплаціць пяць абедаў».

«З аднаго боку, мы дапамагаем мэдыкам, робім добрую справу, — працягвае Аляксандар. — З другога — і для нас час ідзе хутчэй і прасьцей перажываць пандэмію, бо ты палову дня думаеш, што заўтра прыгатаваць, езьдзіш па пастаўшчыках, крамах, шукаеш дапамогі. Каб ня гэтая справа, у калектыве склалася б цяжкая псыхалягічная сытуацыя — усе былі б на нэгатыве, бо працы няма, чаявых няма».

У штаце рэстарацыі 25 чалавек. Нягледзячы на фінансавыя складанасьці, Аляксандар захаваў працоўныя месцы.

«Я не хацеў губляць каманду. Бо веру, што калі-небудзь усё гэта скончыцца. Мы скарацілі гадзіны працы, адпаведна зьменшыўся заробак, але засталіся ўсе. Раней на зьмене працавалі два кухары, нарыхтоўшчык і кандытар. Цяпер — адзін кухар. І кандытар прыходзіць раз на два дні».

«Адвозім абеды і разам сядаем складаць мэню на наступны дзень»

Гатаваць абед пачынаюць а дзявятай раніцы. Пэўныя нарыхтоўкі робяцца зьвечара.

Кухар Тацяна

«Інакш нам не пасьпець, — кажа кухар Тацяна. Звычайна яна адказвае за супы, халодныя стравы, закускі. — Кухня не разьлічаная на такія аб’ёмы. У звычайныя дні мы працуем па індывідуальнай замове, не гатуем у запас».

Тацяна кіруе працэсам. Хоць прызнаецца, што ў такой колькасьці гатавала хіба што на практыцы. Праз тры дні яе зьменіць калега. Астатні пэрсанал дапамагае.

Бухгальтарка Анжэла

«Уявіце, толькі на 125 порцый салаты трэба нарэзаць больш за 20 кіляграмаў гародніны, а на гарнір — пачысьціць і зварыць 19 кіляграмаў бульбы», — кажа Анжэла.

Яна бухгальтарка. Раніцай дапамагае на кухні. Пасьля абеду займаецца дакумэнтацыяй.

Мэню складаюць, зыходзячы з прадуктаў, якія ёсьць у рэстарацыі.

«Стараемся, каб ежа была разнастайнай і пажыўнай», — кажа Аляксандар.

З супоў ужо гатавалі расольнік, боршч, капусту, харчо, суп з гароху, фасолі. На другое — мясныя і рыбныя стравы, на гарнір — гародніну і крупы. Салаты — пераважна са сьвежай гародніны. Калі ёсьць адмысловыя прадукты, у мэню бывае паста баляньезэ, «пэрлота» з грыбамі і курыцай, плоў ці хатняя курыная локшына.

«Прыдумляем, імправізуем. Адвозім абеды і разам сядаем складаць мэню на наступны дзень, — кажа Анжэла. — Учора дзяўчаты цэлы аўтобус прадуктаў прывезьлі. І мы склалі мэню на тыдзень».

«На Вялікдзень пяклі паскі, час ад часу прашу кандытара дэсэрт прыгатаваць», — дадае Аляксандар.

«Чым бы сытуацыя ні скончылася, я рады, што мы дапамагаем»

Пакуль абед гатуецца, трэба раскласьці аднаразовы посуд. Аляксандар — афіцыянт. Сёньня ягоная праца — падрыхтаваць аднаразовыя кантэйнэры для супу, у тэрмаўстойлівыя ланчбоксы пакласьці фольгу, каб стравы хутка ня стылі, сурвэткі і аднаразовыя прыборы.

Запакаваныя абеды складаюць у скрыні і нясуць у машыну.

Прафэсійны барыста Аляксей у рэстарацыі працуе бармэнам. Большая частка працоўнага дня цяпер у яго праходзіць па-за барам — ён таксама дапамагае на кухні.

«Я раблю тое, што і ўсе. Плюс тое, што складана дзяўчатам — прымаю прадукты, загружаю машыну, — кажа ён. — Гэтая сытуацыя не залежыць ад нас, мы ня можам яе кантраляваць. Яна не найлепшым чынам адбілася на нашым паўсядзённым жыцьці, на нашай працы, заробках. Гэта трэба перажыць. Але я з задавальненьнем дапамагаю».

Валянтэраў Аляксей частуе кавай.

Ад рэстарацыі да лякарні — сем хвілін язды.

«А палове на першую я ці мой памочнік вязем абед у лякарню. Я бачу, як мэдыкі рады кожнаму нашаму прыезду», — кажа Аляксандар.

Рэстаратар адзначае, што да гэтай пары людзі не даюць веры, што дапамога добраахвотная.

«Нават мэдыкі ўпэўненыя, што нас прымусілі. І наўзамен далі паслабленьні па падатках, — тлумачыць дырэктар рэстарацыі. — Насамрэч гэта ня так. Мы параіліся з партнэрамі і самі вырашылі гэтым займацца».

Рашэньне прынялі, нягледзячы на ўсе цяжкасьці, якія пандэмія каранавірусу прынесла прыватнаму бізнэсу, у тым ліку рэстараннаму.

«Рэстарацыя адкрытая, але кліентаў няма, — кажа Аляксандар. — Мы працуем на дастаўку. Збольшага запатрабаваныя сушы, часам замаўляюць вячэру пастаянныя кліенты. Але ўсплёску няма — колькасьць замоў вырасла на 10% у параўнаньні зь мінулым пэрыядам. Дастаўка — гэта больш пра фастфуд. З рэстараннай ежай інакш. Для людзей паход у рэстарацыю — гэта не заўсёды пра ежу. Перадусім гэта падзея, эмоцыі, зносіны. І яны суправаджаюцца атмасфэрай месца, смачна прыгатаванымі стравамі, прыгожай падачай і якасным абслугоўваньнем».

Ужо некалькі тыдняў «Витебский трактир» цярпіць страты. Рэстарацыя займае цокальны паверх старога будынка, які належыць гораду.

«Я разьлічваў, што будуць паслабленьні ад дзяржавы — нам зьнізяць арэнду, адменяць падаткі, — прызнаецца Аляксандар. — Я зьвяртаўся да арэндадаўцы, зьвяртаў увагу на складаную сытуацыю. Аднак арэндны каэфіцыент на дзяржаўную маёмасьць ня быў зьніжаны».

Тым ня менш рэстаратар мае намер працягваць дапамогу.

«Чым бы гэтая сытуацыя ні скончылася — разарымся мы ці выжывем, і як доўга будзе доўжыцца пандэмія, — я рады, што мы дапамагаем, а не застаёмся ўбаку», — кажа ён.