На могілкі — паасобку. Як у чарнобыльскай зоне адзначылі Радаўніцу. ФОТА

У чарнобыльскай зоне

Толькі раз на год можна законна наведаць могілкі ў чарнобыльскай зоне. Звычайна ў дні Радаўніцы зона ажывае. Сёньня тут надзіва ціха.

На могілкі людзі прыяжджаюць, але паасобку, і не вязуць сюды старых. Прынамсі, такой пабачылі Радаўніцу ў чарнобыльскай зоне Веткаўскага раёну карэспандэнты Свабоды.

У абед — нікога на могілках у «неіснуючай» Барталамееўцы.

Цішыня на могілках у «мёртвых» Пацёсах.

Ля могілак былой вёскі Бесядзь — адзін аўтамабіль. Людзі, відаць, тут былі. Магілы прыбраныя, сьвежыя кветкі, традыцыйна ля помнікаў — фарбаваныя яечкі, кавалкі паскі, цукеркі.

Жыхарка Гомля Сьвятлана прыехала са сваім братам адведаць магілы продкаў. Зранку яны пабылі на іншых могілках, у Жалезьніках (Веткаўскі раён). У Бесядзь адмыслова прыехалі як мага пазьней, каб не сустракацца са сваякамі ці знаёмымі.

Закінутая хата ў чарнобыльскай зоне

«Людзі тут былі, але, напэўна, ня сёньня. Прыяжджалі, відаць, раней, каб прыбраць магілы і не сустракацца зь іншымі. Звычайна на Радаўніцу тут шмат людзей. Мы таксама апасаемся каранавірусу, таму і паехалі пазьней. У Жалезьніках таксама няшмат было людзей сёньня», — кажа Святлана.

Могілкі ў вёсцы Бесядзь

Яе брат паклаў пад помнік продкам цукеркі, пакачаў па магілах па традыцыі велікоднае яечка.

У Рудні-Споніцкай Веткаўскага раёну «зімуюць» каля 15 чалавек. На могілках сёньня ў абед было трое мясцовых. Вёска ўнікальная тым, што гэта каталіцкі анклаў сярод пераважна праваслаўнага насельніцтва Веткаўшчыны.

«Мы ж тут каталікі, таму на могілкі ходзім ня сёньня, на праваслаўную Радаўніцу, а ў аўторак праз тыдзень пасьля каталіцкага Вялікадня. Зьбіраліся, памаліліся на могілках. Ксёндз, праўда, не прыяжджаў, папярэдзіў, што ў такі час ня варта зьбірацца праз той вірус. Я пасьля вайны ўсімі хваробамі, якія толькі ёсьць у сьвеце, перахварэла. І адзёр быў, і воспа, і жаўтуха — чаго толькі не было», — кажа Вольга Кажамякіна.

Вольга Кажамякіна

Яна сёньня на могілках, каб адведаць магілу мужа — ён быў праваслаўны.

«Адмалілася тут за яго Вяночак да Божай Міласэрнасьці. На нашых могілках і праваслаўных хаваюць, але сёньня было мала машын, хіба толькі тры прыяжджалі. Раней больш прыяжджала людзей», — дадала Вольга Кажамякіна.

84-гадовая Ніна жыве ў Гомлі, але прыехала ў Рудню-Стаўбунскую на лета ў бацькоўскую хату. У Рудні яна нарадзілася і правяла тут палову жыцьця. Яе тата праваслаўны, таму, кажа, яна і пайшла на могілкі.

Ніна

«Дзеці казалі не ісьці, але чаго мне баяцца? Я сваё жыцьцё пражыла. У мяне і анкалёгія, і куча хвароб. Сёньня ж у майго таты, праваслаўнага, сьвята, як я не прыйду? Ён мне прысьніўся, сядзеў на ложку. Я спыталася: „Тата, ты есьці хочаш?“ Ён кіўнуў», — кажа Ніна.

Яна наліла ў чарку на магіле таты кампот, паклала пячэньне.

«Як навошта? Звычай такі. Сёньня ж нябожчыкі выходзяць і глядзяць на нас. Мы іх ня бачым, а яны нас бачаць, і тое, што мы ім прынесьлі — бачаць», — разважае пэнсіянэрка.

На могілкі Рудні-Стаўбунскай прыехала сям’я з Гомля, яны хрысьціяне веры эвангельскай.

Евангелісты на могілках

«Мы сёньня тут ня дзеля традыцыі, а праз удзячнасьць продкам, якія перадалі нам веру», — тлумачыць Вольга.

Яе сваякі скардзяцца, што ня могуць трапіць на магілы блізкіх у пасёлку Падгор’е (Веткаўскі раён).

«Там дарога ніякая. Мы калі едзем, бэнзапілу бяром з сабой, каб дрэвы, якія на дарогу падаюць, расьпілаваць і дабрацца да могілак. Хоць бы хто паклапаціўся! Людзям жа трэба неяк на могілкі трапляць», — кажуць жыхары Гомля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радаўніца ў Магілёве ва ўмовах пандэміі: на могілкі ў масках. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая зараза страшнейшая за радыяцыю». Як у Чарнобыльскай зоне рэагуюць на пандэмію каранавірусу