Сёлета Радаўніца, дзень памінаньня памерлых, адзначаецца ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Каб пазьбегнуць пашырэньня хваробы, сьвятары і мэдыкі заклікалі беларусаў ня ехаць на могілкі.
У Магілёве ўшанаваць памяць продкаў на найвялікшыя Паўднёва-ўсходнія могілкі прыйшло значна меней людзей, чым у мінулыя гады. Шмат хто з гараджанаў адведаў магілы блізкіх напярэдадні.
«Вядома ж людзі баяцца каранавірусу, таму пазьбягаюць штурханіны, як тое было раней, — кажа адна з наведніц могілак. — Раней ні ў аўтобус, ні ў тралейбус ня ўціснуцца было, а сёньня пустыя ідуць. Загадзя прыбралі людзі магілкі».
Паводле кандуктараў, з прычыны замалога пасажырапатоку дадатковыя тралейбусы для падвозу гараджан на могілкі зьнялі з рэйсаў.
Нямала людзей былі на могілках у масках. Іх прадавалі і на ўваходзе разам з кветкамі. Прадавачка попытам задаволеная. Па яе словах, за няпоўную гадзіну ў яе купілі больш за дваццаць масак. Нягледзячы на тое, што людзей на могілкі прыйшло няшмат, гандлем задаволеныя і прадаўцы кветак.
«Раней з торбамі на магілкі хадзілі, а цяпер з кветкамі ды з тым, што пакласьці на магілку, — кажа адна з гандлярак. — Каранавірус мяняе звычкі. На магілцы ўжо так доўга не сядзяць, як раней. Пастаялі крыху, памянулі і пайшлі».