Кім Чэн Ын, магчыма, не зьяўляецца на публіцы, баючыся каранавірусу

Лідэр КНДР Кім Чэн Ын

Кім Чэн Ын, магчыма, ня стаў удзельнічаць у ключавых сьвяточных імпрэзах 15 красавіка з прычыны боязі каранавірусу, а не праз хваробу, заявіў 28 красавіка паўднёвакарэйскі міністар па справах Паўночнай Карэі.

Адсутнасьць паўночнакарэйскага лідэра на публічных цырымоніях, прысьвечаных дню нараджэньня ягонага дзеда і заснавальніка краіны Кім Ір Сэна, была беспрэцэдэнтнай. Пасьля гэтага яго таксама ня бачылі на публіцы. Гэта выклікала спэкуляцыі з нагоды яго здароўя, якія працягваюцца ўжо некалькі дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КНДР негалосна папрасіла дапамогі ў барацьбе з каранавірусам — Financial Times

Паўночная Карэя сьцьвярджае, што ў краіне няма пацьверджаных выпадкаў каранавірусу, але, улічваючы строгія меры, прынятыя для таго, каб не дапусьціць успышкі, адсутнасьць Кім Чэн Ына на цырымоніях не зьяўляецца чымсьці асабліва незвычайным, заявіў заканадаўцам міністар па справах аб’яднаньня Кім Ён Чхоль.

«Сапраўды, пасьля прыходу да ўлады ён ніколі не прапускаў гадавіну дня нараджэньня Кім Ір Сэна, але многія мерапрыемствы з гэтай нагоды, уключаючы ўрачыстасьці і банкет былі адменены ў сувязі з асьцярожнасьцю з нагоды каранавірусу», — сказаў міністар, які курыруе адносіны з Паўночнай Карэяй, на слуханьнях у парлямэнце.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ