«Сядзі, пакуль ня пойдзеш». Як гурт Naviband самаізаляваўся на хутары Вайцюшкевіча

Гурт Naviband самаізаляваўся на хутары Вайцюшкі ў Горадзенскай вобласьці. Пра тое, як яны паляць у каміне, сустракаюць захады на Нёмане і за што жывуць без канцэртаў, Арцём Лук’яненка расказаў Свабодзе.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Музыкі жывуць у ізаляцыі амаль месяц

Удзельнікі «Эўравізіі-2017» Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук разам з сынам Мацеем жывуць у ізаляцыі амаль месяц. Яны паехалі да свайго сябра, сьпевака Зьміцера Вайцюшкевіча, у госьці на некалькі дзён і засталіся дагэтуль. Музыкі ўпершыню так доўга затрымаліся на адным месцы.

Арцём і Ксюша на беразе Нёмана

«Як казала мая маці: „Сядзі, пакуль ня пойдзеш“», — пераказвае Арцём словы Вайцюшкевіча, калі яны сабраліся вяртацца ў Менск.

Зьміцер Вайцюшкевіч у Вайцюшках

Хутар Вайцюшкі месьціцца ў лесе на беразе Нёмана. Да найбліжэйшай вёскі — 2 кілямэтры, да невялікага гарадка Бярозаўка — 10. Хутар вядомы сваімі музычнымі фэстывалямі, літаратурнымі чытаньнямі і канцэнтрацыяй творчых людзей. Зьміцер Вайцюшкевіч жыве тут разам зь сям’ёй.

«Нас тут вялікая сям’я: дзеці Зьмітра, наш сын. Мы тут вельмі крута бавім час. У нас тут фізычная праца і духоўная, пішам песьні. Гэта такая перазагрузка, нам нават падабаецца», — кажа Арцём.

«Вялікая сям’я»

Арцём і Ксенія вырашылі застацца ў ізаляцыі зь некалькіх прычын. Найпершая — клопат пра сваё здароўе. Арцём, бадай што, самы ўразьлівы да каранавірусу зь сям’і, бо мае бранхіяльную астму.

«Мне цяпер гэта зусім недарэчы. Наколькі ведаю, каранавірус дае ўскладненьне на лёгкія», — тлумачыць сьпявак.

Вайцюшкі

Да таго ж, неабходнасьці заставацца ў Менску цяпер няма з прычыны адсутнасьці жывых канцэртаў. У Вайцюшках ёсьць студыя, дзе можна зрабіць якасныя запісы песьняў.

Гэты час на хутары, прызнаецца Арцём, прынёс каштоўныя рэчы ў іхнае існаваньне.

«Адчуваць жыцьцё»

Сям’я жыве ў асобным гасьцявым доміку. Яны прачынаюцца, як і раней, у залежнасьці ад сына Мацея, — у 7-8 гадзін ранку. Першай справай Арцём коле дровы і паліць у каміне, інакш дома холадна. Ксюша ідзе на мэдытацыю, а Арцём з малым гатуюць просты сьняданак і вараць каву. Пасьля сьняданку — шпацыр па лесе каля 5 кілямэтраў. Сустракаюць казуляў, ласёў, зайцоў.

Арцём пачаў выкладаць сторыз у Instagram, дзе расказвае пра штодзённае жыцьцё ў Вайцюшках.

Пасьля прагулкі надыходзіць самая важная частка дня — некалькі гадзін музычных рэпэтыцый. Ксюша грае на разладжаным піяніна ў старэнькай альтанцы, Арцём можа «хоць на елку з гітарай залезьці». Перавага хутару — шмат прасторы, можна разысьціся па розных кутах і не перашкаджаць адно аднаму. Яны напісалі тут новую песьню, працуюць над кліпам на песьню з апошняга альбома.

«Ёсьць шмат месца, куды можна схавацца, запісаць, штосьці прыдумаць. Натхняльная такая ў нас сытуацыя. Мы размаўлялі пра тое, што невядома, калі такое магло адбыцца, каб мы на такі вялікі час змаглі сабрацца разам, весьці філязофскія размовы, пісаць песьні і адчуваць жыцьцё цяпер», — распавядае музыка.

Абед. Побач у вёсках можна набываць якасныя натуральныя прадукты па добрай цане: яйкі, мёд, віно, хлеб.

«Шмат чаго самі робім. Тут ужо крапіва пачала расьці. Некалькі дзён таму мы рабілі суп з крапівы, вельмі смачны. Тут у нас кулінарныя экспэрымэнты: часу хапае, і мы прыдумваем нешта цікавае», — кажа Арцём.

«Мы адчуваем сілу ад Нёмана»

Другая палова дня — для фізычнай працы. Мужчыны гаспадараць на падворку, нешта сякуць, пілуюць, пераносяць. Жанчыны займаюцца гародам.

«Я ж не мянчук, я з Глыбокага. У Менску жыву 9 гадоў. Дагэтуль дапамагаў бацьку і дзеду ў працы. Я разумею, што такое жыць у вёсцы», — запэўнівае Арцём.

Ён лічыць, што для кожнага важна працаваць фізычна. Тады галава адпачывае.

«Падчас фізычнай працы можа прыйсьці важная думка. Я заўсёды трымаю побач дыктафон, каб штосьці занатаваць. Тут заўсёды прыходзяць ідэі, вельмі шмат: проста радкоў або ідэй відэа, інтэрнэт-руху, мэлёдыі», — расказвае суразмоўца.

Музыкі амаль не чытаюць навінаў

Інтэрнэт на хутары слаба цягне, таму музыкі, каб злавіць лепшы інтэрнэт, едуць за 10 кілямэтраў у Бярозаўку. Навінаў чытаюць вобмаль, але ведаюць агульную сытуацыю з каранавірусам у краіне.

Увечары зноў гуляюць у лесе — у другі бок да Нёмана, таксама каля 5 кілямэтраў. Ладзяць невялікі пікнік. Потым ідуць у лазьню або на рыбу, або ў госьці да суседзяў. Арцём і Зьміцер ужо некалькі разоў купаліся ў Нёмане.

Нёман

«Мы адчуваем сілу ад Нёмана, — кажа суразмоўца. — Абавязкова зорнае неба і захады. Гэта абавязковая частка — хадзіць сузіраць захад. Кожны раз над Нёманам — гэта розная гісторыя».

Пасьля вялікай агульнай вячэры ў хаце насельнікі Вайцюшкоў граюць у настольныя гульні кшталту «Манаполіі» або «Тысячы». Чытаюць кнігі, глядзяць дакумэнтальныя фільмы. Уключаюць разам зь дзецьмі «Гары Потэра» або «Валадара пярсьцёнкаў», п’юць гарбату, запальваюць камін.

Сустрэча захаду на Нёмане

Мацей, якому неўзабаве споўніцца 2 гады, таксама атрымлівае асалоду ад карантыну: ён шмат сьпіць на сьвежым паветры, бавіцца на вуліцы, пасябраваў зь дзецьмі Зьмітра.

«Ня ты адзін такі, а ўвесь сьвет»

Цяпер гурт жыве за ашчаджэньні, таксама за даход ад продажу лічбавага прадукту на розных інтэрнэт-плятформах. На хутары яны трацяць няшмат грошай.

Арцём прызнае, што сапраўды асноўны даход — гэта канцэрты і карпаратывы. Цяпер гэтага пазбаўленыя музыкі па ўсім сьвеце.

Як выйсьце, Арцём прапануе ладзіць онлайн-канцэрты ў добрай якасьці за ахвяраваньні або нават набываць на іх квіткі. Naviband і Зьміцер Вайцюшкевіч ужо выступалі з хатнімі канцэртамі падчас ізаляцыі.

Фрагмэнт канцэрту:

Падтрымаць музыкантаў могуць радыёстанцыі, калі будуць ставіць больш беларускай музыкі, лічыць удзельнік гурту. Да таго ж, каб утрымліваць сябе, артысты могуць цяпер больш супрацоўнічаць з буйнымі брэндамі, напрыклад здымацца ў рэкляме для іх.

«Я ня ведаю, дакуль гэта дойдзе. Не ўяўляю, як музыкам можа быць складана. Усе ў гэтым становішчы. Гэтая думка крыху можа падтрымаць. Ня ты адзін такі, а ўвесь сьвет», — мяркуе Арцём.

У Вайцюшках музыкі рэпэтуюць і пішуць новыя песьні

Пакуль яны не адмяняюць свайго ўдзелу ў буйных фэстах, заплянаваных сёлета на жнівень-верасень. Спадзяюцца, што да таго часу сытуацыя палепшыцца.

«Жыць тут і цяпер»

Арцём кажа, што падчас карантыну пацьвердзіў ранейшыя свае важныя думкі.

«Сям’я, блізкія людзі — гэта галоўнае, што ў цябе ёсьць».

«Жыць тут і цяпер вельмі важна. Калі ты будзеш адчуваць жыцьцё ў гэтую хвіліну; адчуваць асалоду, калі выходзіш на сцэну перад тысячнай аўдыторыяй; радавацца, што толькі што назіраў неверагодны захад, або асалоду ад таго, што табе далося распаліць камін і вось-вось стане цёпла. Гэтае адчуваньне „тут і цяпер“ дае штуршок на ўсе твае справы, самыя вялікія і самыя дробныя».

«Чым больш ты будзеш думаць пра добрае, тым больш гэтага будзе ў тваім жыцьці. Як ты глядзіш на сьвет, такое тваё жыцьцё».

«Час, які трэба выкарыстоўваць»

Арцём з удзячнасьцю кажа пра гэты час. Кажа, што яны з Ксеніяй даўно хочуць купіць свой дамок. Цяпер пара ня ведае, як здолее вярнуцца ў бэтонны горад.

«Мы заўсёды ў гастролях або ў працы над песьнямі. Каб проста спыніцца на такі пэрыяд і адчуць так жыцьцё, адчуць задавальненьне ад ракі, захаду, зорнага неба, сьвежага паветра так працягла... Даўно мы не адчувалі гэтага», — дзеліцца Арцём.

«Спыніцца і адчуць жыцьцё»

Колькі працягнецца асабісты карантын, Naviband ня ведаюць. Магчыма, пакуль не пачнуцца канцэрты.

«Я проста ня думаю пра гэта [вяртаньне ў Менск]. Мы тут і цяпер. Час па-іншаму ўспрымаецца», — тлумачыць музыка.

Арцём і Ксенія адносяць сябе да тых людзей, якія асьцерагаюцца каранавірусу, лічаць вартым абараняцца. У іх ёсьць шмат знаёмых лекараў, якія раяць заставацца дома. Самае страшнае, лічыць Арцём, — гэта заставацца абыякавым у такой сытуацыі

«Па-першае, ты абараняеш сябе. Па-другое, ты выказваеш павагу да ўсіх астатніх людзей. Мы ж бачым прыклад іншых краінаў. Таму нельга быць абыякавым», — упэўнены ён.

Арцём уражаны, як рэагуе маленькая Бярозаўка на пандэмію: ва ўсіх крамах антысэптыкі, людзі трымаюць дыстанцыю ў чарзе, многія ходзяць у масках і пальчатках.

Захад на Нёмане

«Трэба перачакаць. Тое, што адбываецца, дае людзям магчымасьць нармальна паразмаўляць адно з адным, пачытаць, паслухаць музыку, нешта прыдумаць, пабыць зь сям’ёй. Гэта час, які трэба выкарыстоўваць», — упэўнены сьпявак.