«Яндэкс» выдаваў нэгатыўныя матэрыялы пры пошуку па прозьвішчы апазыцыянэра

Пошукавік «Яндэкса» на запыт «Навальный» аддаваў прыярытэт нэгатыўным матэрыялам пра расейскага апазацыйнага палітыка Аляксея Навальнага. На гэта зьвярнуў увагу карыстальнік Tjournal. Сама кампанія патлумачыла тое, што адбываецца, экспэрымэнтам.

У ноч на 27 красавіка карыстальнік заўважыў, што пры запыце «Навальный» у віджэтах, якія паказваюцца зьверху пошукавай выдачы, зьяўляліся матэрыялы з нэгатыўнай афарбоўкай, такія як: «Боты Навального накрутили просмотры эфира Соболь на „Эхе Москвы“», «Безграмотность Навального может привести Россию к экономическому краху» і «Портрет в лифте: Навального надо было вызволять из мусорки, но мы не стали».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Індэкс самаізаляцыі». Расейскі «Яндэкс» падлічыў, наколькі беларусы менш ходзяць па вуліцах

Пазьней карыстальнік заўважыў, што альгарытмы пошукавіка зьмяніліся і ён стаў паказваць «вобраз Навальнага больш сьціпла».

У самім «Яндэксе» патлумачылі сытуацыю «часовым экспэрымэнтам. У кампаніі адзначылі, што ўвесь час спрабуюць па-рознаму паказваць кантэнт у выніках пошуку. Прыярытэт нэгатыўных публікацыяў пра Навальнага ў кампаніі назвалі «адным з такіх экспэрымэнтаў». Пасьля вывучэньня яго вынікаў у «Яндэксе» будуць вырашаць, як дапрацаваць функцыянальнасьць у будучыні, заявілі ў кампаніі.