Міністэрства аховы здароўя Беларусі 28 красавіка апублікавала ў сваім Telegram-канале статыстыку распаўсюду COVID-19 у Беларусі.
Паводле міністэрства, на раніцу 28 красавіка ў Беларусі зафіксавалі:
- агулам 12 208 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 79 памерлых, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, гэта ня так);
- 1993 выпісаныя пацыенты, у якіх была каранавірусная інфэкцыя;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 919 выпадкаў і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 253 пацыенты;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 161 028 тэстаў, плюс 7183 за дзень;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Днём раней Міністэрства аховы здароўя паведаміла пра 11 289 выяўленых выпадкаў COVID-19 (плюс 826 за дзень) і 75 пацьверджаных сьмерцяў інфікаваных.
Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За дзьве гадзіны перадачы БТ не знайшлі часу на антырэкордную статыстыку каранавірусу26 красавіка Аляксандар Лукашэнка чарговы раз паўтарыў, што неабходнасьці ў карантыне ў Беларусі ён ня бачыць, а забараняць «на Радаўніцу пайсьці пакланіцца бацькам» ня будзе. Ён таксама адзначыў, што прыняў рашэньне «не спыняць эканомікі» ў сувязі з каранавірусам. Пры тым Беларусь зьбіраецца прасіць крэдыты да 2,5 млрд даляраў на падтрымку эканомікі.
Пры тым і Міністэрства аховы здароўя, і Праваслаўная царква заклікалі людзей на вялікія выходныя, прымеркаваныя да Радаўніцы, заставацца дома, каб праз тыдзень-два не атрымаць росту захворваньняў.
Міністар адукацыі тым часам дапусьціў магчымасьць пасунуць тэрміны ўступнай кампаніі ўсяго празь дзень пасьля таго, як заявіў, што так рабіць ня будуць. Ды адзіная плятформа для дыстанцыйнай адукацыі, расказаў ён, зьявіцца хіба «да канца году».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Складаецца сьпіс загінулых ад COVID-19 мэдыкаў. У ім ужо тры асобы зь Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка расказаў пра «расслабленасьць» і «расхлябанасьць» сярод некаторых мэдыкаўШто трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.