Заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч паправілася ад каранавірусу

Надзея Мікуліч, архіўнае фота

Заслужаная артыстка Беларусі, былая вакалістка гуртоў «Чараўніцы» і «Верасы», сьпявачка і кампазытарка Надзея Мікуліч захварэла не пазьней за 23 сакавіка. У пачатку красавіка яе паклалі ў 6-ю лякарню Менску, выявілі каранавірус і двухбаковую пнэўманію. Увечары 27 красавіка яна расказала на Facebook, што выпісваецца здаровай.

«Шкада, што не пабачыла ніводнага твару, — піша яна пра лекараў. — Але нават праз маскі адчуваліся ўсьмешкі і добразычлівасьць. Спадзяюся сустрэцца зь імі ў канцэртнай залі. Я прыйду да іх ня з болем, а зь песьнямі!»​

Раней яна расказвала Свабодзе, што ня ведае, дзе заразілася, пры тым, што асьцерагалася каранавірусу, адчувала небясьпеку. Але хадзіла ў госьці перад тым, як захварэла, «муж хадзіў на працу, езьдзіў у мэтро, у грамадзкім транспарце». 21 сакавіка яна дала канцэрт у санаторыі ва Ўзьдзенскім раёне, адчула сябе кепска 23-га.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ