На сайце Petitions.by працягваецца збор подпісаў пад зваротам «За адстаўку міністра адукацыі Ігара Карпенкі». На момант публікацыі яго падпісалі звыш 1200 чалавек.
У пэтыцыі заяўляюць, што міністар «ня справіўся з выклікамі, якія ўзьніклі праз пандэмію каранавірусу»:
- ня здолеў арганізаваць дыстанцыйнае навучаньне;
- ня здолеў забясьпечыць бясьпеку навучэнцаў праз адмену ці перанос заняткаў;
- не акрэсьліў дакладную пазыцыю міністэрства адносна адукацыйнага працэсу;
- «у два разы» павялічыў нагрузку настаўнікаў праз падзяленьне школьнікаў на тых, хто прыйшлі на заняткі, і тых, хто застаўся дома;
- даў інструкцыю, зь якой можна зрабіць выснову, што школьнікаў могуць атэставаць за тры чвэрці замест чатырох, падзяліўшы сумарны бал трох чвэрцяў не на тры, а на чатыры;
- не праверыў тэхнічныя магчымасьці навучэнцаў для дыстанцыйнай адукацыі і не арганізаваў выдачу абсталяваньня тым, хто мае ў ім патрэбу;
- не падтрымаў, як сьцьвярджае аўтар, спробу арганізаваць бясплатны доступ у інтэрнэт для навучэнцаў і настаўнікаў.
Аўтар пэтыцыі, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў заявіў БелаПАН, што Міністэрства адукацыі «апошнім часам паводзіць сябе ня толькі непасьлядоўна, але і беспрынцыпна», бо «ўскладае дадатковы груз на ўсю сыстэму, у тым ліку на бацькоў» і штурхае выпраўляць дзяцей у школу замест самаізаляцыі. Гэта, кажа Барысаў, «апошняя кропля, каб Карпенка быў адпраўлены ў адстаўку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзіная плятформа дыстанцыйнага навучаньня школьнікаў можа зьявіцца да канца 2020 году, — міністарДнём раней міністар адукацыі дапусьціў магчымасьць пасунуць тэрміны ўступнай кампаніі — усяго празь дзень пасьля таго, як заявіў, што так рабіць ня будуць.
Цяперашняя пэтыцыя за адстаўку Карпенкі — ужо трэцяя на Petitions.by. За гэта ў 2019 годзе падпісаліся 307 чалавек, у 2018-м — 845. У адказе на леташні зварот намесьнік міністра Аляксандар Кадлубай, якому зварот перанакіравалі з Савету міністраў, нічога не адказаў пра адстаўку свайго начальніка, а ў адказе на пазалеташні з Саўміну напісалі, што «прынялі да ведама» выказанае ў звароце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар адукацыі патлумачыў, чаму дыстанцыйнае навучаньне не заменіць офлайн-школы