Газэта The New York Times задала экспэртам пытаньні, якія тычацца паводзінаў і гігіены падчас пандэміі каранавірусу.
Сярод іх пытаньне пра дэзынфэкцыю абутку, ці варта траціць на яго каштоўныя дэзынфэкцыйныя сродкі?
Спэцыялісты сыходзяцца на думцы, што большасьці з нас, хто практыкуе сацыяльнае дыстанцыяваньне і робіць толькі пэрыядычныя паездкі і паходы ў харчовыя крамы ці аптэку, асабліва турбавацца аб магчымасьці заразіцца ад абутку ня варта.
Абутак можа ўтрымліваць бактэрыі і вірусы, але гэта не азначае, што яны зьяўляюцца верагоднай крыніцай інфэкцыі. Дасьледаваньне, праведзенае ў 2008 годзе на замову Rockport Shoes, паказала, што на падэшвах нашага абутку ёсьць шмат брудных рэчываў, уключаючы фэкальныя бактэрыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: ці можна заразіцца праз адзеньне, на якое ён асядае
Нядаўняе дасьледаваньне з Кітаю паказала, што сярод работнікаў аховы здароўя ў паловы быў выяўлены каранавірус на абутку, што не зьяўляецца нечаканасьцю, паколькі яны працавалі ў лякарнях з інфікаванымі пацыентамі.
Дык што ж рабіць з абуткам звычайным людзям?
Калі вашы чаравікі можна праць у пральнай машыне, то рабіце гэта.
Некаторыя чытачы New York Times пытаюцца, як праціраць падэшву абутку сурвэткай. Гэта рабіць не рэкамэндуецца. Гэта дадатковае расходаваньне сродкаў дэзынфэкцыі, якое да таго ж пагражае тым, што шкодныя вірусы і бактэрыі ня толькі застануцца на паверхі падэшвы, але і трапяць на рукі чалавека.
Нават калі вы напырскаеце на падэшву дэзынфэкцыйны раствор, вірус усё роўна можа застацца на ёй у трэшчынах, драпінах і складаных дэталях рэльефу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус: ці трэба пераапранацца і прымаць душ, калі мы прыходзім з вуліцы
Лепш з ўсё пакідаць абутак за дзьвярыма, калі ёсьць такая магчымасьць. Ці падумаць, як яго захоўваць у перадпакоі ў бясьпечным месцы, калі ў вас ёсьць малыя дзеці. Лепш не рабіць з абуткам дадатковых маніпуляцый пасьля таго, як вы прыйшлі з вуліцы.
Ідэя захоўваць абутак за дзьвярыма кватэры — вельмі добрая і ня ў час пандэміі. Лекары рэкамэндуюць рабіць гэта заўсёды, асабліва калі ў доме ёсьць людзі з аслабленым імунітэтам.
Трэба памятаць што вірус даволі хутка гіне па-за арганізмам чалавека і вельмі баіцца сухасьці. На паперы ён жыве да сутак, на жалезных і плястыкавых паверхнях — да трох дзён.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ