Аляксандар Лукашэнка 26 красавіка падчас наведваньня Нараўлянскага раёну паўтарыў, што неабходнасьці ў карантыне ў Беларусі няма.
«Трэба ўводзіць карантын — будзем уводзіць карантын. Трэба камэнданцкую гадзіну — ўвядзем камэнданцкую гадзіну. Але ці трэба гэта нашым людзям? Нам цяпер гэта ня трэба», — цытуе Лукашэнку ананімны тэлеграм-канал «Пул Первого», блізкі да прэс-службы кіраўніка Беларусі.
«Мы не адмаўляем, што людзі хварэюць. Мы не закрылі краіну, не спынілі вытворчасьці. На Вялікдзень і я, і людзі хадзілі ў царкву. Як я магу забараніць чалавеку на Радаўніцу пайсьці пакланіцца бацькам? Я магу толькі раіць і прасіць: паберажыце сябе», — заявіў Лукашэнка.
Ён патлумачыў, чаму прыняў рашэньне не спыняць эканоміку.
«Спынілі эканоміку, дапусьцім. Хто хутчэй падымецца — той, хто друкуе даляры, у каго ёсьць рэсурсы. А астатнія дзе будуць? Таму мной прынятае рашэньне не спыняць эканоміку. Прадпрыемствы павінны працаваць», — ўпэўнены Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятары і мэдыкі заклікаюць ня ехаць на Радаўніцу на могілкі, улады прапануюць дадатковыя аўтобусыІ Міністэрства аховы здароўя, і праваслаўная царква заклікалі людзей на вялікія выходныя, прымеркаваныя да Радаўніцы, заставацца дома, каб праз тыдзень-два не атрымаць росту захворваньняў. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што нярэдка хвароба можа працякаць бессымптомна і чалавек ня ведае, інфікаваны ён ці не, а старыя бацькі, да якіх ён едзе, — у групе рызыкі. Мітрапаліт Павел заклікаў вернікаў на Радаўніцу памаліцца дома.
На прэсавай канфэрэнцыі 24 красавіка намесьнік міністра аховы здароўя Алена Богдан зазначыла: «Мы настойліва прасілі і просім не наведваць сваіх сталых сваякоў, не зьбірацца са ўсёй краіны і не ладзіць пасядзелкі на могілках разам са сталымі сваякамі».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ