Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову, паводле якой Гарадзейскі, Жабінкаўскі і Скідзельскі цукровы камбінаты атрымаюць 120 мільёнаў рублёў за кошт дырэктыўнага крэдытаваньня.
Паводле БелаПАН, грошы выдаткавалі па дзяржаўнай праграме разьвіцьця аграрнага бізнэсу на 2016-2020 гады, праз Банк разьвіцьця Беларусі.
Агульны ліміт дырэктыўнага крэдытаваньня сёлета складзе 1,06 мільярда рублёў. Пастанова ўраду ад 28 сьнежня 2019 году прадугледжвала, што аб’ём дырэктыўнага крэдытаваньня ў 2020 годзе складзе 740 мільёнаў рублёў, аднак пастановай ад 30 сакавіка ліміт быў павялічаны на 200 мільёнаў (на 27%).
Дырэктыўныя крэдыты даюцца прадпрыемствам на ільготных умовах. Міжнародныя фінансавыя арганізацыі лічаць, што дырэктыўнае крэдытаваньне зьяўляецца неэфэктыўнай формай разьмеркаваньня фінансавых рэсурсаў, і настойліва рэкамэндуюць беларускім уладам адмовіцца ад гэтай практыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Просяцца: адпусціце, пойдзем у калгас гной грузіць», — Лукашэнка пра затрыманых у «цукровай справе»Старшыня праўленьня Банка разьвіцьця Андрэй Жышкевіч у лютым 2020 году заявіў, што з 2021 году практыка дырэктыўнага крэдытаваньня ў Беларусі можа быць спыненая, гэта прадугледжваецца дарожнай мапай рэформаў, якую ўрад краіны распрацоўвае пры падтрымцы Сусьветнага банка.
У канцы студзеня дырэктараў усіх чатырох цукровых заводаў Беларусі затрымалі. Арышты зьвязаныя з вонкавай дэбіторскай запазычанасьцю заводаў і махлярскімі схемамі, якія заключаліся паміж беларускімі кіраўнікамі прадпрыемстваў і расейскімі контрагентамі.
Што вядома пра «цукровую справу»
КДБ завёў крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 430 «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» ў дачыненьні да адказных асобаў і паводле ч. 2 арт. 431 «Даваньне хабару ў буйным памеры» да бізнэсоўцаў. Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць пакараньне да 15 гадоў.
Расьсьледаваньне працягваецца. Сьледчы Канстанцін Бычак сьцьвярджае, што фігуранты даюць паказаньні з прызнаньнямі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
Цяпер затрыманыя:
- дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч,
- дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалай Пруднік,
- дырэктар Жабінкаўскага цукровага заводу Віктар Міронаў,
- дырэктар Скідальскага цукровага заводу Дзьмітры Ягораў,
- Былы намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Уладзімер Ціхіня,
- дырэктар Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітры Кірылаў,
- Заснавальнік расейскай кампаніі «Полимер» Сяргей Кананенка.