Сусьветная арганізацыя здароўя заявіла ў суботу ў рэгулярным навуковым аглядзе, што ў цяперашні час «няма доказаў» таго, што людзі, якія ачунялі ад каранавірусу, абаронены ад паўторнага заражэньня гэтай інфэкцыяй — нават калі ў іх ёсьць антыцелы супраць яе, паведамляе Reuters.
У сваёй заяве агенцтва здароўя ААН засьцерагае ад выдачы «пашпартоў імунітэту» або «сэртыфікатаў без рызыкі» для інфікаваных людзей. Паводле САЗ, гэта практыка можа фактычна павялічыць рызыку распаўсюджваньня COVID-19, бо такія людзі могуць ігнараваць стандартныя рэкамэндацыі.
САЗ таксама нагадала, што дакладнасьць і надзейнасьць тэстаў на антыцелы да каранавірусу ня ёсьць абсалютна пацьверджанымі.
Як паведамляе Reuters, на мінулым тыдні Чылі заявіла, што пачне раздаваць «пашпарты здароўя» людзям, якія, як лічыцца, акрыялі ад COVID-19. Пасьля праверкі, якая мае вызначыць наяўнасьць у іх антыцелаў да новага каранавірусу, яны могуць вярнуцца да звычайнага ладу жыцьця.
Але, па словах САЗ, «на дадзеным этапе пандэміі недастаткова дадзеных аб эфэктыўнасьці антыцела-апасродкаванага імунітэту, каб гарантаваць дакладнасьць „пашпартоў імунітэту“.
Людзі, якія лічаць, што ў іх ёсьць імунітэт да другой інфэкцыі, таму што яны атрымалі станоўчы вынік тэсту, могуць ігнараваць рэкамэндацыі органаў аховы здароўя. Таму выкарыстаньне такіх сэртыфікатаў можа павялічыць рызыкі далейшай перадачы каранавірусу».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ