Падчас суботніку ў Гомельскай вобласьці кіраўнік Беларусі патлумачыў перанос штогадовага пасланьня народу і парлямэнту, паведамляе ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі.
Журналісты дзяржаўных СМІ спыталі ў Лукашэнкі, які 25 красавіка садзіць дрэвы ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласьці, пра пасланьне народу і парлямэнту.
«Ведаеце, тут няма ніякай кансьпіралёгіі. Гэта пасланьне было заплянавана на сярэдзіну красавіка. Канкрэтнай даты не было. Як толькі гатова было б пасланьне, і яно адпавядала духу сёньняшняга дня, яно б прагучала ў сярэдзіне красавіка. Але сытуацыя з каранапсыхозам, інфэкцыямі, ну а потым абвешчанай пандэміяй, пагадзіцеся, ашаламляльна зьмянілі сытуацыю не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім сьвеце. Вось уявіце прэзыдэнта на трыбуне сёньня. І што ён можа сказаць? Я задаваў шмат пытаньняў, вы гэта чулі, што будзе з намі пасьля гэтага псыхозу інфэкцыі? Хто сёньня можа сказаць, што будзе? Ніхто», — цытуе Лукашэнку тэлеграм-канал.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памэранскі шпіц і «дзяўчаты з дзелавога пратаколу». З кім Лукашэнка працаваў на суботнікуАляксандр Лукашэнка таксама адзначыў што «па цэлым шэрагу фундамэнтальных пытаньняў» адказы ёсьць. Напрыклад, у дачыненьні да прэзыдэнцкіх выбараў, піша БелТА.
«Тут можна адназначна сказаць, што мы іх будзем праводзіць паводле Канстытуцыі, як я і абяцаў», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.
«Па нейкіх іншых пытаньнях мы можам адназначна даць адказ. Асноўныя, дапусьцім, парамэтры і пытаньні будучай пяцігодкі. Потым пытаньне Канстытуцыі (яно ж не здымаецца). Тут адназначна можна адказаць, што мы ў новай пяцігодцы хутчэй за ўсё будзем мець новую Канстытуцыю. Ёсьць пытаньні, на якія ёсьць адказы. І вельмі шмат пытаньняў, іх больш, на якія адказу няма », — расказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што магчыма сумясьціць пасланьне народу з прэзыдэнцкай праграмай. «Гэта адна з ідэй. Я нядаўна літаральна прыйшоў да такой ідэі. Можа быць, яшчэ нешта зьявіцца».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.