«Пандэмія закрыла межы, але абʼядноўвае людзей». Польшча перадала дапамогу беларускім мэдыкам. ФОТА

Польскі гуманітарны груз прывезьлі ў Горадню, 24 красавіка

Шэсьць грузавікоў гуманітарнай дапамогі беларускім мэдыкам прыехалі з Польшчы 24 красавіка. Гэта падарунак ад польскага ўраду беларускаму.

Частка грузу засталася ў Горадні, рэшта паедзе ў Менск і Воранава.

Як расказаў Свабодзе генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк, Беларусь папрасіла аб дапамозе розныя краіны. Польшча адгукнулася адной зь першых.

Гуманітарную дапамогу забясьпечыла Міністэрства замежных справаў Польшчы, польскі фонд міжнароднай дапамогі «Салідарнасьць» і пажарная служба Польшчы.

Яраслаў Ксёнжэк

«Мы суседзі. Мы вельмі хочам быць добрымі суседзямі. Калі добра, тады добра. Але калі прыходзяць цяжкасьці, тады менавіта правяраецца добрае суседзтва. Я маю надзею, што прыклад дапамогі Польшчы — гэта пацьверджаньне добрага суседзтва», — сказаў Яраслаў Ксёнжэк.

Усяго 6 грузавікоў з дапамогай прыехалі з Польшчы ў Беларусь

Перашкодаў зь пераходам мяжы не было

Беларускім мэдыкам перададуць 80 тысяч літраў дэзынфэкцыйных сродкаў, 100 тысяч масак і 1000 адзінак лекаў

Разгрузка адбывалася на тэрыторыі інфэкцыйнага шпіталя ў Горадні

Адзін грузавік дапамогі прызначаны для Горадні і Воранава, яшчэ пяць для Менску і астатніх гарадоў

Разгрузка гуманітарнай дапамогі

Капітан дзяржаўнай пажарнай службы Польшчы Якуб Січэк паведаміў, што ў Беларусь прывезьлі агулам каля 80 тысяч літраў дэзынфэкцыйных сродкаў, 100 тысяч масак і 1000 адзінак лекаў, зь іх 7,5 тысячы літраў дэзынфэкцыйных сродкаў і 25 тысяч масак разьмяркуюць паміж Горадняй і Воранавам. Рэшта паедзе ў Менск, а адтуль у іншыя гарады.

Якуб Січэк

Ён ацаніў супрацу беларускага і польскага боку як вельмі добрую. Адзначыў, што яны ня мелі перашкодаў зь пераходам мяжы.

Консул Польшчы ў Горадні вітаецца з галоўным доктарам Горадзенскага інфэкцыйнага шпіталя

Галоўны доктар Горадзенскага клінічнага інфэкцыйнага шпіталя Сяргей Ціхановіч расказаў, што дэзынфэкцыйнымі сродкамі будуць апрацоўваць боксы і памяшканьні, дзе ляжаць хворыя на COVID-19, а таксама для абароны мэдыкаў ад заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй.

Сяргей Ціхановіч

«Пандэмія каранавірусу закрыла межы, але яна аб'ядноўвае людзей», — адзначыў галоўны доктар.

Ціхановіч выказаў падзяку польскаму боку і зазначыў, што іхная дапамога вельмі своечасовая. Па словах кіраўніка шпіталя, мэдыкі забясьпечаныя сродкамі засьцярогі, але «варта быць гатовымі да любога разьвіцьця сытуацыі».

Па словах галоўнага доктара інфэкцыйнага шпіталя, мэдыкам хапае ахоўных сродкаў

Ён адзначыў, што сытуацыя ў Горадзенскай вобласьці сёньня стабільная. Колькасьць хворых павялічваецца, але ня тымі тэмпамі, якіх чакалі. Горадзенская вобласьць знаходзіцца ў Беларусі на апошнім месцы ў колькасьці хворых з каранавірусам — у Горадні 190 хворых, у інфэкцыйным шпіталі Горадні ляжаць 102 пацыенты з каранавірусам. Па словах галоўнага Ціхановіча, шпіталь яшчэ не запоўнены цалкам.

Палякі апрацоўваюць сябе дэзынфэкцыйнымі сродкамі пасьля разгрузкі

Рэшта грузу мае даехаць у Менск і Воранава ў той жа дзень, 24 красавіка

У афіцыйнай перадачы гуманітарнай дапамогі ў Варшаве ўзяў удзел амбасадар Беларусі ў Польшчы Ўладзімер Чушаў, камэндант Дзяржаўнай супрацьпажарнай службы Анджэй Барткавяк, намесьнікі міністра дзяржаўных актываў і міністра замежных спраў Мацей Малецкі і Марцін Пшыдач.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэф эўрапейскай дыпляматыі пацьвердзіў, што Беларусь мае атрымаць 60 млн эўраў на змаганьне з наступствамі каранавірусу

У якасьці донараў выступілі дзяржаўныя прадпрыемствы і Міністэрства аховы здароўя Польшчы, а пасярэднікам пры перадачы — Фонд міжнароднай салідарнасьці. Дастаўку забясьпечвае Дзяржаўная супрацьпажарная служба.

Атрымальнікам гуманітарнай дапамогі ўказаны Рэспубліканскі цэнтар арганізацыі мэдычнага рэагаваньня ў Менску. Частка грузу прызначаная для Горадні і вобласьці — рэгіёну, дзе пражывае большасьць прадстаўнікоў польскай дыяспары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея заявіла, што будзе дапамагаць Беларусі змагацца з каранавірусам, «як і раней»

Прыбыцьцё другой часткі грузу ў Менск чакаецца 24 красавіка а 14-й гадзіне на тэрыторыю прадпрыемства «Белмэдтэхніка» на вуліцы Асаналіева, 31. У цырымоніі перадачы дапамогі возьме ўдзел амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ