Урад Чэхіі ў чацьвер, 23 красавіка прыняў рашэньне адмяніць агульнанацыянальны карантын, уведзены ў сярэдзіне сакавіка ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу.
Жыхары краіны з 24 красавіка зноў змогуць вольна перамяшчацца па Чэхіі і выяжджаць за мяжу (пры ўмове двухтыднёвага карантыну пасьля вяртаньня). Дазволена зьбірацца групамі да 10 чалавек.
Чэхія — адна зь першых эўрапейскіх краін, якія ўвялі жорсткі карантын, і адной зь першых яго здымае.
Урад Чэхіі таксама перагледзеў ухвалены раней графік паслабленьня іншых абмежавальных захадаў. Крамы і прадпрыемствы сфэры паслуг адкрыюцца раней, чым чакалася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве закрываюць горад, а ў Беларусі пішуць пра пасяўную. Параўналі, як улады рэагуюць на ўспышку COVID-19Ужо ў панядзелак 27 красавіка адкрыюцца крамы з плошчай, меншай за 2500 мэтраў, акрамя разьмешчаных у гандлёвых цэнтрах. Раней чакалася, што гэта адбудзецца толькі ў канцы траўня. Адкрыюцца таксама фітнэс-цэнтры і заапаркі. ВНУ зноў адкрыюцца для студэнтаў.
11 траўня адкрыюцца гандлёвыя цэнтры, цырульні, масажныя салёны, музэі. Нарэшце, 25 траўня будуць адкрытыя кавярні і рэстараны і здымуць большасьць астатніх абмежаваньняў. Пакуль незразумела, калі межы краіны адкрыюцца на ўезд для іншаземцаў.
Суд у Празе ў чацьвер адмяніў шэраг карантынных захадаў, прызнаўшы, што яны былі ўведзеныя з парушэньнем закону. Рашэньне набудзе моц 27 красавіка — да гэтага часу ўрад, відавочна, аформіць іх інакш. Частка зь іх, зрэшты, у любым выпадку фактычна перастане дзейнічаць у сувязі з апошнім рашэньнем уладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суседзі Беларусі падоўжылі забарону на ўезд у сувязі з пандэміяйУ апошнія дні колькасьць новых выпадкаў заражэньня каранавірусам у Чэхіі зьніжаецца, адпаведна па меры росту колькасьці ачунялых зьніжаецца і колькасьць хворых. Цяпер іх менш за 5 тысяч. За ўвесь час у краіне былі інфікаваны больш за 7 тысяч чалавек, звыш 2 тысяч паправіліся, 210 памерлі. Па афіцыйных дадзеных, 23 красавіка ў Чэхіі зафіксавана толькі 6 новых выпадкаў COVID-19.
Карантынныя захады аслабляюцца і ў суседніх з Чэхіяй краінах.
У Аўстрыі і Нямеччыне на гэтым тыдні зноў адкрыліся крамы. Гандлёвыя цэнтры і прадпрыемствы сфэры паслуг адкрыюцца там у пачатку траўня. У гэтых краінах колькасьць хворых таксама зьніжаецца — папраўляецца больш людзей, чым новых выпадкаў інфікаваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць вылечаных ад каранавірусу ў Італіі за суткі ўпершыню перавысіла колькасьць тых, хто заразіўсяЭпідэмія, падобна, пераадолела пік таксама ў Гішпаніі, Італіі і Францыі. У гэтых краінах, якія больш за іншых у Эўропе пацярпелі ад каранавірусу, карантын пачнуць здымаць у пачатку траўня.
Лідэры краін Эўразьвязу ў рэжыме відэаканфэрэнцыі ў чацьвер абмяркоўвалі магчымыя захады для падтрымкі эканомікі, якой пандэмія і карантын нанесьлі вялікія страты.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.