Фінскі хакеіст Валтэры Хётанэн (Valtteri Hietanen) граў у горадзенскім хакейным клюбе «Нёман». Ён сказаў фінскаму выданьню Jatkoaika, што яшчэ два фінскія хакеісты маюць станоўчы тэст на Covid-19.
«Мы вярнуліся ў Фінляндыю зь Беларусі 13 красавіка. Траіх з нас праверылі ў аэрапорце Гэльсінкі, і пазьней выявілася, што ў кожнага быў каранавірус. Аднаго з нас не праверылі, але верагодна, што ён таксама заразіўся, бо мы былі ў адной групе», — сказаў Хётанэн.
Паводле Хётанэна, у яго былі сымптомы грыпу і балела галава за тыдзень да вяртаньня ў Фінляндыю, але тэмпэратуры не было.
«Было дзіўна, калі выявілася, што ў мяне каранавірус», — сказаў Хётанэн.
Чаму гэта важна?
21 красавіка намесьнік гендырэктара хакейнага клюбу «Нёман» Анатоль Варывончык сказаў, што адгулы ў камандзе не зьвязаныя з заражэньнем каранавірусам, проста хакеісты назапасілі выходныя цягам сэзону.
23 красавіка, Варывончык сказаў, што некаторыя ўдзельнікі каманды захварэлі на Covid-19, але не ўдакладніў, колькі.
Дык а што здарылася?
21 красавіка стала вядома, што першыя станоўчыя тэсты на Covid-19 атрымалі 4 фінскія гульцы каманды. Аналізы ў іх узялі 13 красавіка ў аэрапорце Гэльсінкі.
Пазьней зьявіліся зьвесткі, што каранавірус выявілі ў беларускіх гульцоў «Нёмана».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ