Больш за 15% земляў сельскагаспадарчага прызначэньня ў Беларусі застаюцца забруджанымі радыянуклідамі цэзію і стронцыю з прычыны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, паводле дадзеных Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі, піша БелаПАН.
Як паведаміла на прэс-канфэрэнцыі 23 красавіка прэс-сакратарка міністэрства Вольга Кацішэўская, на 1 студзеня 2020 году плошча сельскагаспадарчых земляў Беларусі, забруджаных
- цэзіем-137, складала 848 тысяч гектараў (каля 11,5% ад агульнай плошчы*),
- стронцыем-90 — 282 тысячы гектараў (каля 3,8%).
*Агульная плошча сельскагаспадарчых земляў Беларусі, паводле афіцыйных дадзеных, — каля 7,5 млн га.
Паводле Вольгі Кацішэўскай, за пэрыяд пасьля аварыі на ЧАЭС канцэнтрацыя цэзію-137 і стронцыю-90 у глебе «толькі з прычыны натуральнага распаду зьменшылася амаль напалову». Разам з тым нават праз 34 гады пасьля чарнобыльскай катастрофы «асноўная колькасьць радыянуклідаў працягвае заставацца ў каранёвым слаі сельскагаспадарчых расьлін і, адпаведна, уключаецца ў біялягічны кругазварот».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З зоны радыяактыўнага забруджваньня ў Беларусі плянуюць выключыць 166 населеных пунктаў