Лабінскі раённы суд Краснадарскага краю аштрафаваў Ільлю Юркова на 30 тысяч расейскіх рублёў (каля 400 даляраў) па артыкуле аб непавазе да ўлады. Прычынай стала карыкатура з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, якую Юркоў разьмясьціў у інстаграме. Пастанова аб штрафе зьмяшчаецца ў картатэцы суду.
Аўтарам карыкатуры зьяўляецца вядомы мастак Сяргей Ёлкін. На малюнку намаляваны Пуцін, які адбірае апарат штучнай вэнтыляцыі лёгкіх у хворага і кладзе яго ў скрынку з надпісам «Дапамога сябру Дональду». Малюнак Юркоў запосьціў у сябе на старонцы ў інстаграме.
«Юркоў І.С. разьмясьціў на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках публікацыю з карыкатурай прэзыдэнта РФ з надпісам: "Прабач, чувак, але гэта трэба для піяру", з хэштегами #Путинвор, #Путинболтун, #ЕдинаяРоссиясдохла, #коронавирус, тым самым разьмясьціў зьвесткі, якія зьневажаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта», — сказана ў пастанове.
На судовым пасяджэньні Юркоў не прызнаў сябе вінаватым, заявіўшы, што карыкатура нікога не абражае. Сам Сяргей Ёлкін, аўтар малюнку, сказаў: «Мне сумна ад такога свавольства ўладаў. Карыкатуры па сваім прызначэньні могуць і абразіць, а публічны палітык павінен і абавязаны гэта трываць. Такая сусьветная практыка карыкатуры ў СМІ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі на карантын адправілі тысячы вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў рэпэтыцыі парадуКарыкатура з Пуціным зьявілася пасьля скандалу з «гуманітарнай дапамогай», у тым ліку апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, якую расейскія ўлады некалькі тыдняў таму адправілі ў ЗША.
У Крамлі сьцьвярджалі, што зрабілі гэта бясплатна, але пазьней высьветлілася, што за палову грузу са сродкамі абароны і апаратамі для штучнай вэнтыляцыі лёгкіх ЗША ўсё ж заплацілі. Адразу пасьля адпраўкі грузу ў Расеі таксама пачалася эпідэмія каранавірусу, і многія экспэрты выказвалі думку, што адпраўленыя ў ЗША апараты маглі б спатрэбіцца і ў Расеі.