Беларусь плянуе спрасьціць атрыманьне грамадзянства

Ілюстрацыйнае фота

Беларусь плянуе спрасьціць парадак атрыманьня грамадзянства. Спрашчэньне тычыцца іншаземцаў, якія атрымліваюць у Беларусі прафэсійную адукацыю. Гэта прадугледжана папраўкамі ў закон аб грамадзянстве, піша БелТА.

Папраўкі прапануюць разгледзець у першым чытаньні на вясновай сэсіі Палаты прадстаўнікоў.

Зь сямі да пяці гадоў скарацілі тэрмін, цягам якога замежнік павінен бесьперапынна пражываць у Беларусі.

Акрамя тых, хто атрымаў у Беларусі вышэйшую адукацыю, атрымаць грамадзянства змогуць людзі, якія працуюць у Беларусі ня менш за тры гады. Мяркуецца, што каб атрымаць грамадзянства, трэба будзе ня менш за тры гады быць у шлюбе зь беларусам ці беларускай, мець дзяцей — грамадзян Беларусі.

Папраўкі прадугледжваюць, што беларускае грамадзянства страцяць асобы, якія ўдзельнічалі ў тэрарыстычнай ці экстрэмісцкай дзейнасьці, парушаючы інтарэсы Беларусі. Мяркуецца, што гэтая норма будзе тычыцца толькі тых, хто атрымаў грамадзянства не па нараджэньні.

Таксама пашырылі пералік падставаў для адмовы ў спыненьні беларускага грамадзянства. Нельга будзе адмаўляцца ад грамадзянства ня толькі абвінавачаным, але і падазраваным у крымінальных працэсах. Гэта дазволіць выключыць сытуацыі, калі чалавек пад сьледзтвам падае адмову ад грамадзянства, каб пазьбегчы пакараньня.