Урад Расеі падрыхтаваў праект паправак у закон «Аб паліцыі», які пашырае паўнамоцтвы супрацоўнікаў МУС. Паліцыянтам могуць спрасьціць ужываньне агнястрэльнай зброі і дазволіць ачапляць жылыя дамы, ускрываць машыны і агароджваць месцы правядзеньня масавых акцый.
Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на ўхвалены кабінэтам міністраў дакумэнт. У Дзяржаўную думу яго яшчэ ня ўнесьлі.
Законапраект прадугледжвае права паліцыянта са зброяй у руках ужыць яе пры затрыманьні, калі ён палічыць, што існуе пагроза нападу на яго.
Акрамя таго, у артыкул закону аб мерах дзяржаўнай абароны паліцыянтаў урад вырашыў дадаць палажэньне аб тым, што супрацоўнік паліцыі ня будзе перасьледаваны за дзеяньні, учыненыя пры выкананьні абавязкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея заявіла, што будзе дапамагаць Беларусі змагацца з каранавірусам, «як і раней»Раней паведамлялася, што транспартнай паліцыі дазволяць выкарыстоўваць электрашокеры.
Паводле зьвестак міжнароднай праваабарончай групы «Агора», у Расеі ў апошнія гады зьнізілася колькасьць асуджаных за перавышэньне паўнамоцтваў. Прыкладам, у 2019 годзе за катаваньні быў асуджаны 641 супрацоўнік МУС, што ў 2,5 раза менш, чым дзесяць гадоў таму.