Трамп: выдачу «грын-картаў» прыпыняць на 60 дзён

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп расказаў 21 красавіка аб рашэньні пра часовую забарону іміграцыі ў краіну: яе плянуюць увесьці на 60 дзён і найперш у дачыненьні ахвочых атрымаць «грын-карту».

Як піша «Голас Амэрыкі», указ можа быць падпісаны ўжо 22 красавіка.

Забарона ня будзе тычыцца турыстаў, студэнтаў і іншых уладальнікаў неіміграцыйных візаў.

Паводле Трампа, рашэньне прадыктавана імкненьнем абараніць амэрыканскі рынак працы ад наплыву замежных рабочых. Крызіс, які выклікала пандэмія каранавірусу, прывёў да абвалу рынку працы.

«Было б няправільна і несправядліва, каб [працоўныя месцы займалі] новыя імігранты, якія прыбываюць з-за мяжы, замест амэрыканцаў, якія страцілі працу праз успышку вірусу. Спачатку мы павінны паклапаціцца пра амэрыканскіх працоўных», — сказаў Трамп на штодзённым прэс-брыфінгу.

Указ будзе перагледжаны па заканчэньні 60-дзённага пэрыяду. У залежнасьці ад сытуацыі, забарона можа быць падоўжаная яшчэ на 60 дзён або на большы пэрыяд.

Як піша Reuters са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта ЗША, цяпер разглядаюцца розныя выключэньні для шэрагу атрымальнікаў працоўных візаў, у тым ліку візаў тыпу H-1B. Візы для працы ў ЗША змогуць атрымаць тыя, хто будзе змагацца з крызісам, выкліканым каранавіусам, у тым ліку працаўнікі фэрмэрскіх гаспадарак.