Хакеіст прэзыдэнцкай каманды Дзьмітры Мялешка сказаў карэспандэнту Свабоды, што ён хворы на пнэўманію і мае станоўчы тэст на COVID-19.
«Самаадчуваньне нармальнае, стабільнае», — сказаў ён.
Як ён ставіцца да таго, што прэс-сакратарка прэзыдэнта Натальля Эйсмант агучыла зьвесткі пра ягоны стан здароўя?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэс-сакратарка Лукашэнкі: «Прэзыдэнт ня будзе сыходзіць у ізаляцыю, аддаленку і іншае»«Я да гэтага стаўлюся спакойна. Але падняўся такі ажыятаж. Тэлефануюць журналісты, не пытаюцца пра маё здароўе, ня хочуць пажадаць мне добрага самаадчуваньня, а іх цікавіць нейкая інфармацыя, каб нешта напісаць. Гэта проста нават не па-чалавечы. Ім проста хацелася нейкай „гарачай“ навіны», — сказаў Дзьмітры Мялешка.
На пытаньне, калі Дзьмітры Мялешка адчуў сябе дрэнна і калі яго паклалі ў лякарню, ён адказваць ня стаў, спаслаўшыся на тое, што яму «і так цяжка». Ці гуляў ён разам з Аляксандрам Лукашэнкам?
«Была гульня, і ўсё, больш кантактаў у нас не было. У суботу я гуляў. Я ня ведаю, калі я захварэў».
Дзьмітры Мялешка не паведаміў, у якой ён бальніцы.
Пра тое, што ў хакеіста прэзыдэнцкай каманды Дзьмітрыя Мялешкі станоўчы тэст на каранавірус, паведаміла прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
Паводле Натальлі Эйсмант, Дзьмітры Мялешка захварэў прыкладна праз тыдзень пасьля заканчэньня аматарскага чэмпіянату Беларусі па хакеі, калі ўся каманда была ў адпачынку. Паводле Эйсмант, нядаўніх кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам у хворага хакеіста не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гулец хакейнай каманды Лукашэнкі мае COVID-19
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ