На менскім заводзе лядоўняў «Атлянт» паведамілі, што сярод працаўнікоў прадпрыемства зьявіліся новыя хворыя на каранавірус.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Сытуацыя трывожная, бо трэба прызнаць, што такія, хто захварэў, ёсьць, але не крытычная», — сказаў намесьнік гендырэктара «Атлянта» Аляксандар Машко.
Telegram-канал «Баста» напісаў, што захварэлі і цяпер на бальнічным 59 працаўнікоў заводу. Аляксандар Машко назваў іншыя лічбы.
«Усяго ў нас цяпер 7 такіх, хто захварэў на каранавірус. Пра 4 стала вядома яшчэ два тыдні таму, і яшчэ 3 зьявіліся цягам двух апошніх тыдняў, у тым ліку працаўнік з галоўнага канвэера, пра якога ўчора стала вядома, што ў яго тэст станоўчы. Але зь першых чатырох ва ўсіх стан ужо добры. Была невялікая тэмпэратура, але цяпер папраўляюцца. І плюс на самаізаляцыі цяпер 29 кантактаў першага ўзроўню», — сказаў карэспандэнту Свабоды намесьнік гендырэктара «Атлянта» Аляксандар Машко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: САЗ парэкамэндавала Беларусі спыніць масавыя імпрэзы і перайсьці на дыстанцыйнае навучаньне. Лукашэнка: «Яны да нас любові ня маюць»Паводле Аляксандра Машко, першай крыніцай захворваньня на каранавірус на прадпрыемстве быў аддзел галоўнага мэханіка.
«Там усе фактычна з аднаго кабінэта. Спачатку 3 выпадкі і 27 кантактаў першага ўзроўню, дык адзін зь іх пацьвердзіўся, што захварэў, а з астатнімі ўсё добра. З „кантактаў“ 14 ужо выйшлі на працу, верагодна, і астатнія хутка выйдуць. У іх цяпер бяруць па трэцім тэсьце», — сказаў Аляксандар Машко.
Паводле суразмоўцы, на канвэеры прадпрыемства, дзе зьбіраюць лядоўні «Атлянт», правялі дэзынфэкцыю, сродкаў для індывідуальнай дэзынфэкцыі ў працаўнікоў дастаткова.
«Можа, спачатку, у канцы сакавіка, і былі праблемы са сродкамі, бо цяжка было набыць, але цяпер усяго хапае. І масак, і дэзактывантаў. Цяпер вучым, каб не пашкодзілі сабе вочы, бо некаторыя пшыкаюць на маску бязь меры. Хто як робіць», — падзяліўся праблемамі Аляксандар Машко. Паводле яго, на галоўным канвэеры і ў цэлым на прадпрыемстве ўдаецца захоўваць «сацыяльна бясьпечную адлегласьць паміж працаўнікамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прарвёмся». Лукашэнка не зьбіраецца адмяняць суботнік у сувязі з каранавірусам«Плянавыя нарады кіраўніцтва праводзяцца на адлегласьці да 2 мэтраў паміж удзельнікамі нарады, а пазаплянавых увогуле не праводзім. І камандзіровак цяпер няма, ніякіх масавых мерапрыемстваў няма. Сходы ў калектывах праходзяць максымальна дыстанцыйна. У нас ёсьць свае групы ў сацыяльных сетках, дык цяпер яны ўдвая павялічылі колькасьць [падпісчыкаў. — РС]», — сказаў Аляксандар Машко.
Паводле суразмоўцы, складаней было дамагчыся, каб працаўнікі ня тоўпіліся на прахадной, але праз адміністрацыйныя захады ўдалося сытуацыю падкарэктаваць.
«Упарадкавалі час сыходу тых, хто адпрацаваў, каб яны ў гардэробе не сутыкаліся з тымі, хто толькі ідзе на працу», — паведаміў намесьнік гендырэктара «Атлянта».
На прадпрыемстве «Атлянт» працуе да 5 тысяч чалавек. Адзін з працаўнікоў, які прасіў не называць ягонага імя, расказаў карэспандэнту «Свабоды» наступнае:
«Пра тое, што ў нас ужо 7 выпадкаў, мне невядома. Пра першых трох у аддзеле мэханіка ведаў, а пра іншыя нам асабліва ня кажуць, больш жывімся чуткамі. Так, сродкаў дэзынфэкцыі цяпер хапае. Але ўсё роўна свае нясём — вось іду на зьмену са сваім сродкам. Ведаю, што продажы лядоўняў скараціліся, але не катастрафічна, працуем», — кажа ананімны супрацоўнік «Атлянта».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ