Цана ф’ючэрса на амэрыканскую нафту маркі WTI з пастаўкай у траўні вярнулася да станоўчага значэньня. Як сьведчаць вынікі таргоў, яна вырасла да 1,40 даляра. Чэрвеньскія ф’ючэрсы падаражэлі да 21,33 даляра.
Напярэдадні гэтаксама абрынулася разьліковая цана на нафту маркі Urals, якой гандлююць расейскія кампаніі, — мінус 2 даляры за барэль, што на 112,7% менш за апошнюю цану ў 15,75 даляра.
Маскоўская біржа ў сувязі з гэтым інфармуе: каб пазьбегнуць дадатковых нэгатыўных наступстваў пасьля «беспрэцэдэнтнага абвалу цэнаў», 21 красавіка таргі травеньскімі ф’ючэрсамі нафты WTI будуць прыпыненыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны попыт на нафту зьнізіўся да ўзроўню 1995 годуНайбольшы абвал у цане на нафту
Ф'ючэрсныя кантракты на амэрыканскую эталённую нафту West Texas Intermediate (WTI) з тэрмінам выкананьня 21 красавіка і пастаўкай у траўні, якія яшчэ ў апошні біржавы дзень 17 красавіка таргаваліся па 18 даляраў за барэль, 20 красавіка падалі некалькімі хвалямі на працягу дня: спачатку дасягнулі сымбалічнага 1 цэнту за барэль, потым апусьціліся ніжэй: спачатку да мінус 5 цэнтаў, а потым і далей.
Найбольшы правал, за 20 хвілін да закрыцьця таргоў, склаў мінус 40,32 долара за барэль на біржы Нью-Ёрку; на момант закрыцьця цана гэтых кантрактаў склала мінус 37,63 даляра за барэль. Такім чынам, падзеньне склала амаль 56 даляраў за барэль, або больш за 300% за адзін біржавы дзень.
Чэрвеньскія ф’ючэрсы на паўночнаморскую сумесь Brent гандлююцца па цане 25,39 даляра за барэль (травеньскія кантракты скончыліся).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кошт нафты WTI упаў да нуля і падае ў мінусЧаму нафта таньнее да мінуса
Пасьля ўвядзеньня абмежаваньняў у рамках барацьбы з распаўсюдам каранавірусу попыт на нафту ўпаў ва ўсім сьвеце.
«Калі мы бліжэйшым часам ня ўбачым аднаўленьня попыту, цалкам верагодна, што чэрвеньскія кантракты будзе чакаць аналягічная доля», — цытуе Bloomberg Ўорэна Патэрсана, аналітыка фінансавага канглямэрату ING Bank NV.
На думку эканамістаў, абвал цаны на нафту WTI зьвязаны найперш з тым, што краіны—удзельніцы зьдзелкі OPEC, няглядзячы на дамоўленасьці, пакуль так і не скарацілі нафтаздабычу. Перавытворчасьць сыравіны прывяла да лягічных наступстваў.