Міністэрства абароны Расеі адправіла назад у свае часткі вайскоўцаў, якія рыхтаваліся да мерапрыемстваў у гонар 75-й гадавіны Перамогі на падмаскоўным палігоне Алабіна. Усе ўдзельнікі рэпэтыцый адправяцца на карантын, паведамляе ТАСС.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У Мінабароны запэўнілі, што ўсіх вайскоўцаў забясьпечылі індывідуальнымі сродкамі засьцярогі, а вагоны, у якіх яны паедуць у свае часткі, будуць дэзынфікаваць, паведамляе расейская «Новая газета».
Дакладная колькасьць вайскоўцаў, адпраўленых на карантын, не называецца. Раней міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу заяўляў, што ў рэпэтыцыях параду ўдзельнічалі каля 15 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін перанёс парад праз пандэмію каранавірусуВярнуць вайскоўцаў у месцы іх сталай дысьлякацыі Мінабароны пастанавіла пасьля пераносу параду, які сёлета ў Расеі ня будзе праходзіць 9 траўня. Пра гэта некалькі дзён таму абвясьціў прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, які растлумачыў, што з такой просьбай да яго зьвярнуліся вэтэраны, занепакоеныя тэмпамі распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі ў Расеі.
Выпадкі заражэньня каранавірусам былі выяўленыя ў некалькіх расейскіх вайсковых частках і акадэміях, паведамляе The Guardian.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парад замест лекаўТым часам Міністэрства абароны Беларусі адказала на пэтыцыю, у якой грамадзяне патрабуюць адмяніць вайсковы парад, заплянаваны на 9 траўня ў Менску. Як вынікае з адказу, парад і рэпэтыцыі адмяняць не зьбіраюцца.
«Эпідэміялягічная сытуацыя, якая складаецца ў цяперашні момант у Рэспубліцы Беларусь, дазваляе Ўзброеным сілам праводзіць плянавыя мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі. Падрыхтоўка і правядзеньне параду зьяўляецца складовай часткай баявой падрыхтоўкі войскаў», — гаворыцца ў адказе Мінабароны, які падпісаў міністар абароны Віктар Хрэнін.
Ведамства дадае, што падчас рэпэтыцый параду мэдычныя службы Ўзброеных сіл выконваюць «комплекс супрацьэпідэміялягічных і лячэбна-прафіляктычных мерапрыемстваў».
«Для Беларусі вайсковыя парады — гэта даніна гераізму і стойкасьці нашага народу, самаадданай барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў, бяспрыкладнаму працоўнаму подзьвігу тых, хто ўздымаў рэспубліку з руін. Гэта таксама традыцыя, якая сымбалізуе гатоўнасьць беларускага народу адстойваць нацыянальныя інтарэсы дзяржавы», — падкрэсьліваюць у міністэрстве.
- Адказ Мінабароны датаваны 16 красавіка. У гэты ж дзень быў афіцыйна пацьверджаны першы выпадак каранавірусу ў беларускім войску — у службоўца вайсковай часткі № 3310 (гэта брыгада ўнутраных войскаў МУС, што дысьлякуецца ў паселішчы Аколіца пад Менскам). На наступны дзень Мінабароны пацьвердзіла яшчэ два выпадкі каранавірусу ў вайскоўцаў.
- Пад пэтыцыяй на сайце Petitions.by за скасаваньне вайсковага параду 9 траўня падпісаліся 7305 чалавек.
- Аляксандар Лукашэнка раней заяўляў, што ніякія заплянаваныя да сьвяткаваньня Дня Перамогі мерапрыемствы не адмяняюцца, а ягоная адміністрацыя шукае рашэньне, пры якім прэзыдэнт зможа ўзяць удзел у сьвяткаваньнях і ў беларускай сталіцы, і ў Маскве.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ