Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала дакумэнт з рэкамэндацыямі, як абыходзіцца зь целамі памерлых ад COVID-19.
Як адзначаецца ў дакумэнце, згодна з інфармацыяй Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя на цяперашні момант, целы памерлых ад каранавірусу не зьяўляюцца крыніцай інфэкцыі і выпадкаў заражэньня ад памерлага пакуль не зафіксавана, аднак «паколькі гэта новы вірус, крыніца і прагрэсаваньне захворваньня для якога яшчэ не зусім ясныя, рэкамэндавана ўжываць дадатковыя меры засьцярогі да таго часу, пакуль ня стане даступная дадатковая інфармацыя».
Мінздароўя пералічвае наступныя меры засьцярогі пры выдачы цела, разьвітаньні і пахаваньні памерлага:
- Перад выдачай цела памерлага мусяць прадэзінфэкаваць. Бальзамаваньне не рэкамэндуецца, «каб пазьбегнуць празьмерных маніпуляцый зь целам памерлага».
- Крэмацыя не абавязковая. Рашэньне — пахаваць чалавека ў труне або крэміраваць — за родзічамі памерлага, з улікам сямейных традыцый і апошняй волі памерлага.
- Пахаваньне трэба правесьці ў дзень выдачы цела памерлага. Аб гэтым трэба загадзя інфармаваць сваякоў ці тых, хто займаецца арганізацыяй пахаваньня.
- На цырымоніі разьвітаньня з памерлым рэкамэндуецца мінімізаваць колькасьць прысутных (абмежавацца толькі самымі блізкімі сваякамі).
- Па магчымасьці абмежаваць прысутнасьць на пахаваньні дзяцей, дарослых, старэйшых за 60 гадоў, людзей з хранічнымі хваробамі сэрца, цукровым дыябэтам ці імунадэфіцытам, а таксама людзей з рэсьпіраторнымі захворваньнямі.
- Дакранацца да цела і цалаваць яго нельга.
- Падчас разьвітаньня і пахаваньня — захоўваць дыстанцыю ня менш за 1 мэтар ад памерлага, а таксама прытрымлівацца правілаў сацыяльнага дыстанцыяваньня.
- Пасьля цырымоніі прытрымлівацца стандартных мераў засьцярогі, у прыватнасьці — старанна вымыць рукі з мылам і прадэзынфікаваць сродкамі на сьпіртавой аснове.
- Цырымонія разьвітаньня можа праходзіць як пры адкрытай труне (пры ўмове захаваньня вышэйпералічаных рэкамэндацый), так і пры закрытай.
- Тым, хто непасрэдна ўдзельнічае ў пахаваньні (напрыклад, апускае труну ў магілу) варта надзяваць маскі і пальчаткі, мыць рукі з мылам і вадой пасьля зьняцьця пальчатак, калі пахаваньне завершана.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ