На афіцыйным Прававым партале Беларусі вынесены на абмеркаваньне праект закону «Аб ліцэнзаваньні».
Законапраект, як сьцьвярджаюць аўтары зь Міністэрства эканомікі, прадугледжвае «выключэньне празьмерных і эканамічна неабгрунтаваных патрабаваньняў і ўмоваў, якія выстаўляюцца шукальнікам ліцэнзій і ліцэнзіянтам».
Праект прадугледжвае, што ліцэнзіі патрэбныя будуць толькі для сьпісу з 35 відаў эканамічнай дзейнасьці, «патэнцыйна спалучанай з пагрозамі дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, навакольнаму асяродзьдзю, жыцьцю, здароўю, правам і законным інтарэсам грамадзянаў».
Да такой дзейнасьці ў праекце адносяць і «паліграфічную дзейнасьць і дзейнасьць у галіне вяшчаньня» — гэта значыць, у тым ліку дзейнасьць сродкаў масавай інфармацыі па-за інтэрнэтам.
У абгрунтаваньні да праекту наўпрост прызнаюць: патрэба ў ліцэнзаваньні такой дзейнасьці «ў першую чаргу носіць палітычны характар і наўпрост зьвязаная з інфармацыйнай бясьпекай дзяржавы».
«У выпадку зь ліцэнзаваньнем паліграфічнай дзейнасьці мы маем справу з мэханізмам рэгуляваньня распаўсюду ў СМІ кантэнту на папяровым носьбіце, — тлумачаць аўтары праекту. — У цяперашні час маецца магчымасьць рэгістрацыі розных сродкаў масавай інфармацыі. Спыненьне выпуску аднаго або некалькіх зь іх не зьяўляецца непераадольнай перашкодай. У той жа час адсутнасьць на тэрыторыі краіны матэрыяльна-тэхнічнай базы для друку такіх СМІ, на стварэньне якой патрабуюцца сур'ёзныя фінансавыя сродкі, зьяўляецца цяжка пераадольнай перашкодай для іх выхаду».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Навошта ж вы нас у Расеі робіце дурнямі?» Лукашэнка абрынуўся на расейкія СМІ і загадаў КДБ «кантраляваць сваіх»Адсутнасьць ліцэнзаваньня паліграфічнай дзейнасьці, пішуць у абгрунтаваньні, «нязьменна цягне за сабой пагрозу шкоды дзяржаўным інтарэсам, страту дзяржаўнага кантролю над значным сэгмэнтам рынку вытворчасьці друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, немагчымасьць апэратыўнага рэагаваньня на проціпраўныя і дэструктыўныя дзеяньні».
Што да ліцэнзаваньня вяшчаньня, аўтары праекту проста спасылаюцца на тое, што гэта «ўстойлівая форма дзяржаўнага рэгуляваньня праваадносінаў таксама і ў суседніх з Рэспублікай Беларусь краінах, як Расейская Фэдэрацыя і Ўкраіна».
Разам зь вяшчаньнем і паліграфіяй хочуць далей ліцэнзаваць адвакацкую, банкаўскую, вэтэрынарную дзейнасьць, казіно, рыэлтарскія паслугі і іншае.
Грамадзкае абмеркаваньне будзе цягнуцца да 4 траўня. Потым праект — магчыма, дапрацаваўшы — перададуць на разгляд Палаце прадстаўнікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяжаўная газэта Таджыкістану выйшла з пустой першай паласой. Параўнаем зь беларускімі «белымі плямамі»