Рэктарка Дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальля Баранава адказала праваабаронцам «Вясны» на зварот у сувязі з адлічэньнем студэнткі 4-га курсу гэтай навучальнай установы Лізаветы Пракопчык.
Нагодай для адлічэньня стала некалькі накладзеных на дзяўчыну спагнаньняў. Адміністрацыя ўнівэрсытэту ня лічыць такі крок палітычна матываваным, аднак сама cтудэнтка з гэтым не згодная.
Паводле Лізаветы Пракопчык, падчас пандэміі каранавірусу яна перастала наведваць заняткі ў сувязі з парушэньнем, на яе думку, права на ахову жыцьця і здароўя падчас адукацыйнага працэсу. Навучэнка прытрымлівалася двухтыднёвага карантыну, што стала падставай для вынясеньня ёй спагнаньня, а затым і адлічэньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятарку студэнцкай забастоўкі і акцыі «Ха-ха я тут памру» адлічылі з унівэрсытэтуУ адказе на адрас старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму гаворыцца наступнае.
«Адлічэньне Лізаветы Пракопчык ніякім чынам не зьвязана, як зазначана ў вашым звароце, зь яе „актыўнай грамадзянскай пазіцыяй“, накіраванай на ўвядзеньне ва ўнівэрсытэце дыстанцыйнага навучаньня праз распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі».
Прычына ў спагнаньнях, накладзеных на студэнтку за апошні навучальны год, пераконвае Натальля Баранава. У пераліку вымова за няяўку бяз важкіх прычынаў на заняткі ў сакавіку, а таксама неатэстацыя па дысцыплінах першай замежнай мовы ў тым жа месяцы. У гэты час студэнтка перастала наведваць заняткі ў сувязі з пандэміяй і клопатам пра сваё здароўе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы патрабуюць аднавіць адлічаную студэнтку, якая дамагалася карантынуСытуацыю камэнтуе юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксей Лойка.
«Узьнікае пытаньне да Натальлі Баранавай: ці нармальна, што ва ўмовах, калі ўсе эўрапейскія краіны яшчэ са студзеня пачалі рыхтавацца да пандэміі, вы ў сярэдзіне сакавіка, замест пераводу навучаньня на дыстанцыйную форму, робіце пераатэстацыю? Дысцыплінарнае спагнаньне, якое пацягнула адлічэньне Лізаветы, якраз і выкліканае яе пратэстам на адсутнасьць выразных захадаў у сувязі зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй».
Тым часам пэтыцыю за аднаўленьне Лізаветы Пракопчык падпісала блізу 1 800 чалавек.