«Мая перажыла Галакост і антысэмітызм». Актывістка габрэйскай грамады Беларусі памерла ў самоце ў шпіталі ад COVID-19

Ілюстрацыйнае фота

17 красавіка ў 10-й лякарні Менску ад каранавірусу на 81-м годзе жыцьця памерла Мая Зісіна, якая перажыла Галакост і была актывісткай габрэйскіх арганізацый і грамадаў Беларусі. 19 красавіка адбылася крэмацыя жанчыны. Як распавяла Свабодзе пляменьніца Маі Зісінай псыхоляг Сьвятлана Бэргер, «мы зможам зрабіць разьвітаньне зь цёцяй толькі, калі гэта будзе бясьпечна і калі зможа прыехаць з-за мяжы мая дачка Фаіна. Мы з сумам жартуем, што мёртвай бабулю ніхто з нас ня бачыў».

За Маю Зісіну маліліся бахаі ў ЗША, Саўдаўскай Арабіі, Лібане, Аўстрыі, Нямеччыне ды іншых краінах сьвету, а таксама ў грамадзе прагрэсіўнага юдаізму ў Менску. 10 траўня Маі Зісінай споўніўся б 81 год.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>


«Я разумею, што мэдыкі не вінаватыя, вінаватая нялюдзкая сыстэма, створаная ў краіне»

Мая Зісіна.

Мая Зісіна трапіла ў 10-ю менскую лякарню некалькі тыдняў таму з падазрэньнем на пнэўманію. Сьвятлана Бэргер распавяла Свабодзе, што першапачаткова тэст на каранавірус быў адмоўным. І ў першыя дні Сьвятлана яшчэ магла трапіць у шпіталь і дамовіцца з санітаркай, каб тая дапамагла дагледзець старую жанчыну ў цяжкім стане. Праз 10 дзён паўторны аналіз паказаў, што Мая Зісіна мае каранавірусную інфэкцыю. Сьвятлана Бэргер ня ведае, ці першы тэст ня быў дакладным, ці цётку заразілі ў шпіталі.

Сама Сьвятлана мае анкалягічнае захворваньне. Яе дачка Фаіна Бэргер вучыцца за мяжой, і так сталася, што Сьвятлана была адзіным блізкім чалавекам для Маі, хто мог дапамагчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта мясарубка». Жыхарка Віцебску — у адным шпіталі з пнэўманіяй, муж памёр у іншым з каранавірусам

Найбольш цяжка для Сьвятланы Бэргер было тое, што практычна немагчыма было атрымаць інфармацыю пра стан здароўя цёткі, амаль немагчыма было датэлефанавацца ў шпіталь, як і немагчыма было забясьпечыць ёй прыстойны дагляд:

— На адну санітарку 28 хворых. Цётка ня ела нічога, не піла свае лекі. У яе быў дыябэт, куча іншых праблемаў са здароўем. За гэтым ніхто не сачыў. Я змагла арганізаваць перадачу праз валянтэра Чырвонага Крыжа. У яе зьявіліся пролежні, і яе практычна ніяк не даглядалі. Хоць я і разумею, наколькі гераічная цяпер праца лекараў, сясьцёр і санітарак, але ў мяне пачуцьцё разгубленасьці, бо ня ведаеш, як рэагаваць на працу дактароў. Хочацца верыць, што рабілі ўсё магчымае, але нічога ня ведаеш. Цёця памерла ў самоце, і ва ўсім сьвеце такім жа чынам у самоце цяпер адыходзяць старыя людзі.

Прыёмнае аддзяленьне 10-й менскай лякарні

Я ня мела практычна ніякай інфармацыі, я не магла разьвітацца з блізкім чалавекам, я не разумела, што адбываецца. Нешта можна было зразумець толькі зь яе голасу: лепш, горш — мацнейшы, слабейшы. Я не адчуваю ўдзячнасьці, але я разумею, што мэдыкі не вінаватыя. Я ўпэўнена, кожны зь іх робіць і рабіў усё, што было ў іх сілах. Вінаватая нялюдзкая сыстэма, створаная ў краіне. У аснове гэтай сыстэмы няма паняцьця каштоўнасьці чалавечага жыцьця, кожнага чалавека і яго патрэб.

Фрагмэнт пасьведчаньня пра сьмерць Маі Зісінай.

Адзіны з мэдыкаў, каму я бясконца ўдзячная — мэдбрат Ігар з 2-й пульманалёгіі 10-й клінікі. Мой нізкі паклон яму за яго службу, мае малітвы зь ім, і мае пажаданьні сіл, любові і трываласьці.

«Агенты арганізуюць пахаваньні для тых блізкіх, хто сядзіць у карантыне»

Сьвятлана Бэргер вельмі перажывае, што яе цётка памерла праз каранавірус у шпіталі ў самоце.

— Цётка ў 10-й клініцы зьмяніла чатыры аддзяленьні, пакуль яе ня перавялі ў тое, дзе ляжаць толькі заражаныя каранавірусам. Яна была вельмі таварыскім чалавекам, але там яна не магла ні з кім мець зносіны, тэлефон быў не заўсёды зараджаны, і не заўсёды былі сілы размаўляць.

Каб ня ўзьнікалі пролежні, ёй трэба было рухацца, кожныя тры гадзіны яе трэба апрацоўваць і пераварочваць. Але рабіць гэта не было каму. У ранейшым аддзяленьні, пакуль да яе магла прыйсьці наша знаёмая санітарка, яна дапамагала падымацца, рухацца, размаўляла зь ёй. У каранавірусным аддзяленьні без дапамогі цётка не магла сама рухацца, і яна ўпала духам. Калі ёй тэлефанавалі сябры, яна плакала, голас быў амаль нячутны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пнэўманій мінімум у 2-3 разы больш», — каранавірус у Віцебску вачыма доктаркі

За ўвесь гэты час Сьвятлана змагла пагаварыць з доктарам толькі аднойчы, калі цётка ўжо памерла:

— У суботу ў 6.30 патэлефанавала доктарка, выказала спачуваньні і адказала на ўсе пытаньні. Я забрала зь лякарні толькі яе пашпарт і тэлефон. Мы сустрэліся зь лекаркай у двары клінікі. Мне ніхто не прадстаўляўся, я наогул ня ведаю, хто і як лячыў цётку. Наогул нічога ня ведаю пра тое, што зь ёй было ў шпіталі.

Сьвятлана Бэргер

У самой Сьвятланы 13 красавіка ўзялі аналіз на каранавірус. Зрабілі гэта ў калідоры, не заходзячы ў кватэру. Вынікаў пакуль няма. 16 красавіка да Сьвятланы прыяжджаў міліцыянт праверыць, ці выконвае яна ўмовы самаізаляцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хворай на рак габрэйцы дапамог палестынец

Ізаляцыю Сьвятлане Бэргер давялося парушыць, паколькі не было каму вырашыць усе бюракратычныя пытаньні, зьвязаныя са сьмерцю і крэмацыяй:

— У моргу са мной неадэкватна размаўляла супрацоўніца спэцкамбінату. Пакуль я чакала афармленьня даведкі пра сьмерць, да мяне падышоў прыватны агент, і ён нармальна патлумачыў усе нюансы. Я аплаціла за крэмацыю 142 рублі і 315 рублёў агенту за труну і дастаўку яго ў крэматорый. Ён расказаў, што агенты арганізуюць пахаваньні для тых блізкіх, хто сядзіць у карантыне. Ён прыходзіць дадому, афармляе дамову, і ўсё арганізуе сам. Гэта можа каштаваць некалькі соцень рублёў.

Цела ў труну кладуць у пакеце. Я перадала адзеньне і абутак, іх паклалі зьверху. Заля разьвітаньня не працавала, труну зь цёцяй пасьля таго, як я ўсё аформіла, адправілі ў печ. Я нічога ня бачыла...

«Мая перажыла Галакост і антысэмітызм»

Сьвятлана Бэргер і як дачка Фаіна маліліся, каб цётка не пакутавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я — бахаі зь Беларусі». Фантастычная гісторыя беларускай габаісткі Фані Бергер

Як кажа Сьвятлана, Мая Зісіна ўсё жыцьцё рабіла добрыя справы, у яе было шмат сяброў, яна вельмі многім дапамагала. Працавала выхавальніцай у дзіцячым садку, а потым была загадчыцай садка № 87 Фрунзэнскага раёну Менску. Сьвятлана перакананая, што калі б не пандэмія, шмат людзей прыйшлі б разьвітацца зь яе цёткай. «Яна выгадавала нас з братам, была нашай стрыечнай маці», — кажа Сьвятлана.

Дачка Сьвятланы Фаіна Бэргер, якая цяпер вучыцца па магістарскай праграме ў Нямеччыне, вельмі перажывае з прычыны сьмерці бабулі:

— Бабуля пражыла доўгае і плённае жыцьцё. Яна нарадзілася ў траўні 1939 году. Часта хварэла ў дзяцінстве. Калі яе маці ўцякала ў 1941 годзе з Бабруйску, то некалькі разоў пакідала двухгадовую Маю на дарозе, бо сама ня мела сіл, але потым кожны раз вярталася. Яна была вельмі моцнай, і вельмі многае ў яе жыцьці, у тым ліку і тое, што яна дажыла да 80 гадоў, адбывалася насуперак усім чаканьням. Яна змагла трымаць вышэйшую адукацыю, хоць яе роднай сястры як габрэйцы не далі паступіць у мэдунівэрсытэт. Яна была выдатнай загадчыцай дзіцячага саду, якую любілі дзеці, бацькі і кіраўніцтва. Яна магла з усімі знаходзіць агульную мову.

Мая Зісіна

У апошнія гады свайго жыцьця яна зрабіла подзьвіг, узяўшы да сябе свайго пляменьніка, які амаль перастаў хадзіць, і дапамагла яму пражыць яшчэ некалькі гадоў. Ён адышоў у студзені, а яна абяцала ягонай маме клапаціцца пра яго. Яна была зь ім да самага канца, і ён памёр таксама ў сьне, у яе дома. Вельмі сумна, што яна адышла адна, у лякарні, бяз родных, якія яе вельмі любілі, і сяброў, якія ёй тэлефанавалі да апошняга дня. Яна адышла ў сьне, у апошні дзень габрэйскага сьвята Песах.

Сьвятлана Бэргер працягвае аповед пра цётку:

— Мая перажыла Галакост і антысэмітызм. Яна дапамагала стварыць рух прагрэсіўнага юдаізму пасьля перабудовы. У яе дзіцячым садзе па вечарах і выходных адбываліся першыя сустрэчы грамады, лідэрам якой тады быў Якаў Басін. Да апошніх сваіх дзён Мая была лідэркай хатніх групаў некалькіх рэлігійных грамадаў. Яна была вельмі веруючым чалавекам і прызнавала ўсе рэлігіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы пачынаюць заўзята даказваць габрэям — мы ж вас ратавалі»

Нядаўна я глядзела фатаздымкі сырыйскіх уцякачак зь дзецьмі. Сапраўды, гэтак жа мая бабуля з дзьвюма маленькімі дзяўчынкамі пешшу ў чэрвені 1941-га ўцякала з Бабруйску. Цётцы было два гады. Яны дайшлі да Рагачова. Там ужо была арганізавана эвакуацыя на Волгу. У 1944-м яны таварным вагонам вярнуліся ў Бабруйск. Бабуля выгадавала дзьвюх дачок адна. Старэйшая Аня ў 16 гадоў пайшла добраахвотніцай на фронт, пахаваная яна недзе каля Франкфурту на Одэры, мы не знайшлі, дзе. Муж Вульф прапаў бязь вестак у першыя дні вайны, бабуля ўсё жыцьцё яго чакала, замуж ня выйшла, хаця прапаноўвалі. Мая ж сваіх дзяцей ня мела...

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ