У 2009 годзе гэтую справу называлі першым у гісторыі Беларусі судовым працэсам супраць групоўкі, падазраванай у рэйдэрскіх захопах дзяржаўнай маёмасьці.
Датычнасьць да яе стварэньня прыпісвалася набліжанаму да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцу Ўладзімеру Пефціеву. Адным зь фігурантаў справы быў жыхар Менску, старшыня назіральнай рады акцыянэрнага таварыства «Папараць-кветка» Віктар Карнілаў. Ён прабыў 11 гадоў у зьняволеньні і расказаў Свабодзе сваю вэрсію падзей вакол арганізацыі, якая валодала нерухомасьцю ў цэнтры беларускай сталіцы, а таксама пра бачаньне цяперашняй турэмнай сыстэмы.
Пра Віктара Карнілава. Сьцісла
- 44 гады. Жыве ў Менску. Скончыў хімічны факультэт і магістратуру на катэдры «Фінансавы крэдыт» Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
- Выконваў абавязкі дырэктара Беларускай фондавай біржы і быў 1-м намесьнікам дырэктара Рэспубліканскага цэнтральнага дэпазытарыя каштоўных папер.
- З 2005 па 2007 гады быў старшынём назіральнай рады ААТ «Папараць-кветка». Усе яе чальцы трапілі пасьля пад крымінальны перасьлед.
- У 2009 годзе асуджаны на 12 гадоў за злоўжываньне ўладай і крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. У выніку амністыі пакараньне было зьменшана на год.
Што вядома пра «рэйдэрскі захоп» «Папараць-кветкі»
Пра тое, як расьсьледавалі крымінальную справу, у 2011 годзе інтэрнэт-выданьню «Беларускі партызан» расказаў былы кіраўнік аддзелу барацьбы з карупцыяй у органах дзяржаўнай улады Вячаслаў Дудкін. Ён атрымаў палітычны прытулак у Францыі.
Паводле яго, справа была першым у гісторыі Беларусі судовым працэсам супраць «злачыннай групоўкі, падазраванай у рэйдэрскіх захопах дзяржаўнай уласнасьці». Яе галоўнага фігуранта, кіраўніка кампаніі «Інвэсткапбуд» Якава Бубіча, Дудкін назваў «выканаўцам даручэньняў» набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца Ўладзімера Пефціева. Бубіч нібыта выкарыстоўваў для «злачыннай дзейнасьці» фінансавыя магчымасьці Пефціева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пефціева знайшліся яшчэ тры афшорныя кампаніі на БагамахБылы сьледчы сьцьвярджаў: Бубіч, падрабляючы фінансавыя дакумэнты, падкупляючы чыноўнікаў, пагражаючы акцыянэрам і шантажуючы іх, завалодаў кантрольным пакетам акцый «Папараць-кветкі». Таварыству належала нерухомасьць на вуліцы Сьвярдлова, 2, што ў цэнтры Менску каля Дома ўраду. Яно спэцыялізавалася на рэстаранным, забаўляльным, інвэстыцыйным бізнэсе, здавала ў арэнду офісныя памяшканьні.
Паводле Дудкіна, спыніць справу намагаўся тагачасны дзяржсакратар Рады бясьпекі, «апякун Пефціева» Віктар Шэйман, а ў яе расьсьледаваньне былі ўцягнутыя Віктар Лукашэнка, тагачасны старшыня КДБ Вадзім Зайцаў і начальнік Апэратыўна-аналітычнага цэнтру Валер Вакульчык. Расьсьледаваньне кантраляваў тагачасны міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў.
Дудкін назваў Віктара Карнілава галоўным памочнікам Бубіча. Абвінавачваньне Карнілаву выставілі завочна, бо ён хаваўся ад сьледзтва за мяжой. Яго затрымалі ў Расеі і экстрадзіравалі ў Беларусь.
За злоўжываньне ўладаю, крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, саўдзел у злачынстве Якаву Бубічу і Віктару Карнілаву гарадзкі суд Менску прысудзіў па 12 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ аднаму фігуранту справы Сяргею Татару далі 6 гадоў. Усе трое былі чальцамі назіральнай рады адкрытага акцыянэрнага таварыства «Папараць-кветка».
Сам Віктар Карнілаў настойвае: «ніякай работы пад Пефціевым не было», а «крымінальнае супрацоўніцтва» зь бізнэсоўцам прыдумана групай супрацоўнікаў МУС, у склад якой уваходзіў і Дудкін, які ўцёк у Францыю. Паводле Карнілава, у крымінальнай справе ня згадваўся ні грамадзянін Пефціеў, ні захоп нерухомасьці.
«Барацьба „людзей зь вялікімі пагонамі“ за пэрспэктыўную для абагачэньня нерухомасьць таварыства»
Віктар Карнілаў кажа, што прычынай крымінальнага перасьледу стала барацьба «людзей зь вялікімі пагонамі» за пэрспэктыўную для абагачэньня маёмасьць акцыянэрнага таварыства. Каб дасягнуць свайго, яны выкарысталі «няўдалую» зьдзелку таварыства з кампаніяй «Інвэсткапбуд». Апошняя набыла кантрольны пакет акцыяў «Папараць-кветкі» і разам зь ёй бралася рэканструяваць супольную нерухомасьць.
Паводле Карнілава, спачатку праваахоўныя органы на падставе «апэратыўнай інфармацыі аб шматлікіх злачынствах, выкладзеных у рапарце Навумава», распачалі маштабную праверку дзейнасьці кампаніі «Інвэсткапбуд», а потым заняліся «Папараць-кветкай».
Карнілаў кажа: пасьля таго як пачаліся праверкі, «Папараць-кветка», каб пазьбегнуць «вольнай трактоўкі дзейнасьці», выйшла з пагадненьня з «Інвэсткапбудам» і чакала вяртаньня інвэстарам 7 мільярдаў 350 мільёнаў недэнамінаваных рублёў (2,2 мільёна эўра. — РС), укладзеных у супольны праект. «Інвэсткапбуд» пералічыць грошы не пасьпеў, бо рахункі і маёмасьць арыштавалі.
Віктар Карнілаў сьцьвярджае, што адным з аўтараў рапарту, накіраванага Навумаву, быў міліцыянт-уцякач Вячаслаў Дудкін. Паводле суразмоўцы, «ніводзін з фактаў, выкладзеных у рапарце і агучаных з эміграцыі былым сьледчым, не пацьвердзіла праверка».
Разам з тым, як мяркуе Карнілаў, пра сытуацыю вакол «Папараць-кветкі» паведамілі «непрымірымаму змагару з карупцыяй Аляксандру Лукашэнку» — такім чынам, каб ён загадаў разабрацца і «жорстка пакараць вінаватых». Тады і пастанавілі «ізаляваць чальцоў назіральнай рады, распрадаць маёмасьць і ліквідаваць таварыства». Паводле суразмоўцы, выручаныя «ад афэры» сродкі аселі на рахунку падкантрольнай дзяржаве кампаніі «Эўрастатус», якая «з сумнеўнай законнасьцю» завалодала кантрольным пакетам акцыяў «Папараць-кветкі».
«Пакаралі максымальна за тое, што актыўна бараніліся»
Віктар Карнілаў цьвердзіць: неабходнасьці ў зьняволеньні фігурантаў справы не было, бо сродкі, якія Менскі гарадзкі суд прызнаў нібыта скрадзенымі, не выводзіліся з эканамічнага абарачэньня, а былі ўкладзеныя ў нерухомасьць. Падсудныя віны не прызналі.
«Нам далі максымальнае пакараньне за тое, што актыўна адстойвалі сваю праўду», — тлумачыць ён.
Паводле суразмоўцы, выстаўленая тром асуджаным шкода ў 35 мільярдаў недэнамінаваных рублёў (5 мільёнаў эўра. — РС) была сплачана ў 2012 годзе ў поўным аб’ёме — коштам продажу нерухомасьці, якая належала кампаніі «Інвэсткапбуд». Апошняя з прыбытковай арганізацыі ператварылася ў стратную.
Што да «Папараць-кветкі», то па абраньні новай назіральнай рады маёмасьць, якая яшчэ засталася ў таварыства пасьля суду, прадалі. Затым пастанавілі ліквідаваць арганізацыю са звальненьнем працоўнага калектыву.
ААТ «Папараць-кветка», дзе на 2008 год працавала 150 чалавек, дагэтуль знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі.
«Калі чалавек трапіў у жорны сыстэмы, выбрацца ня ўдасца»
Віктар Карнілаў сьцьвярджае, што не хаваўся ад сьледзтва, на чым настойваў былы міліцыянт Дудкін. Ён зьехаў у Расею, бо «атрымаў папярэджаньне, каб ня блытаўся ў Беларусі пад нагамі». У Краснаярскім краі працаваў у кампаніі, якая займалася продажам, гарантыйным і сэрвісным абслугоўваньнем беларускай тэхнікі. Там рэгулярна сустракаўся з дэлегацыямі беларускага ўраду. Кажа, што пра крымінальны перасьлед ня ведаў.
«Арыштавалі мяне ў Расеі і два месяцы трымалі пад вартай, пакуль вырашалася пытаньне аб экстрадыцыі, — згадвае ён. — Урэшце прыляцеў канвой, які даставіў мяне ў Беларусь. Тут у ізалятары я праседзеў яшчэ 13 месяцаў».
У 2013 годзе Віктар Карнілаў, пачуўшы словы Лукашэнкі, што камэрсанты могуць разьлічваць на вызваленьне пасьля пагашэньня пазоваў, зьвярнуўся да кіраўніка дзяржавы па памілаваньне. Яму адмовілі. Суразмоўца лічыць, што на «міласьць» Лукашэнкі могуць разьлічваць толькі асуджаныя чыноўнікі, якія маюць заступнікаў у вышэйшых эшалёнах улады.
«Знаходзячыся ў няволі, я разважаў над тым, які ў нас сэнс укладаецца ў этымалёгію слова „правасудзьдзе“, — кажа суразмоўца. — Паводле рымскага права яно азначае „права судзіць паводле закону“. А ў савецкай юрыспрудэнцыі, якой трымаюцца ў Беларусі, гэта „орган, які мае права судзіць“. Таму ў нас суды штампуюць прысуды пад капірку сьледзтва і пракурора, не мяняючы нічога. Калі чалавек трапіў у жорны такой сыстэмы, выбрацца адтуль яму ня ўдасца».
«Раней забіралі жыцьці, а цяпер пасады і даброты»
Віктар Карнілаў вызваліўся 23 сьнежня 2019 году. Бліжэйшыя пяць гадоў яму забаронена займаць кіроўныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады. Ён прызнаецца, што судзімасьць паставіла «крыж на ягонай кар’еры». Але спадзяецца «рэабілітаваць сваё чэснае імя».
Віктар лічыць «непрымальным», калі людзей, якія працавалі ў прыватным бізнэсе, караюць паводле артыкулаў, аднесеных да «карупцыйных». На ягоную думку, карупцыя — гэта злачынства, зьвязанае зь дзяржаўнай службай. Пра сябе ён кажа, што «стаў карупцыянэрам воляю выпадку».
Віктар далучыўся да ініцыятывы «Справядлівы прысуд», каб разам з родзічамі асуджаных «за эканамічныя злачынствы» дамагчыся зьменаў заканадаўства, у тым ліку дапамагчы і Аляксандру Лукашэнку выправіць «недахопы працы праваахоўнікаў, пракуратуры і судоў». На думку суразмоўцы, «без кардынальнага зьмяненьня сытуацыі немагчыма абараніць грамадзян ад незаконнага крымінальнага перасьледу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Родзічы «несправядліва асуджаных» — Лукашэнку: чаму парушаюцца Канстытуцыя і законы?«У нашай краіне могуць пасадзіць за што заўгодна. А каб застацца чалавекам у няволі, трэба прыкласьці максымум высілкаў, — кажа ён. — Прынцып Гулагу „ты здохнеш сёньня, а я заўтра“ працуе дагэтуль. Адрозьненьне толькі ў тым, што цяпер забіраюць ня жыцьці, а даброты і пасады».
У турме пра наркотыкі даведаўся болей, чым на волі
Віктар Карнілаў перакананы: цяперашняя пэнітэнцыярная сыстэма «не настроеная на тое, каб выпраўляць асуджаных». Зь імі не праводзяць псыхакарэкцыйных заняткаў, каб зьмяняць мадэлі паводзінаў.
«У турме я даведаўся пра наркотыкі больш, чым за папярэднія 30 гадоў жыцьця, бо пра іх і алькаголь чыталі лекцыі ўсім, — зьдзіўляецца ён. — Як усё гэты тычыцца мяне, не зразумела. Цяперашнія турмы — гэта, па сутнасьці, сыстэма бясплатнай працоўнай сілы».
На ягоную думку, людзі, якія трапляюць у турму ўпершыню, «у меншай ступені могуць разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне, чым тыя, хто там ня першы раз. Бо тыя ведаюць, як працуе сыстэма, і могуць пад яе падладзіцца». Ён дадае, што больш за саміх асуджаных пакутуюць іхныя родзічы на волі, бо глядзяць фільмы пра зоны, а адсутнасьць кантролю за тым, што адбываецца, толькі ўзмацняе страхі.