Зусім нядаўна беларускія мэдыкі ладзілі флэшмоб, у межах якога прасілі людзей максымальна заставацца дома. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Белпошта зразумелі гэта па-свойму. Замест «Я працую дзеля вас, заставайцеся дома дзеля мяне» яны прачыталі «Зьбярыце на пошце натоўп, падпішыце для нас папяровыя паштоўкі і дашліце нам празь іх каранавірус».
Масавыя адпраўкі папяровых паштовак ва ўмовах пандэміі — гэта настолькі абсурдна, што яшчэ крыху, і я пачну верыць у тэорыю змовы, паводле якой Таемны Ўрад вельмі хоча зьнішчыць нашу нацыю, у тым ліку акцыяй «#СпасибоМедикам». Праўда, у ролі Таемнага Ўраду тут выступае БРСМ — арганізацыя, якая адкрыта падтрымліваецца цяперашнімі, зусім не схаванымі, уладамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Докшыцкія ўлады расказалі, як рэагуюць на эпідэмію COVID-19 пасьля ўспышкі захворваньняўЖаданьне нагадаць пра сябе ў сувязі з пандэміяй зразумелае. Дапамагаючы мэдыкам, цяпер можна значна палепшыць свой імідж. Але тое, што робяць БРСМ і Белпошта — гэта не дапамога, а парушэньне шэрагу базавых рэкамэндацый САЗ і Міністэрства аховы здароўя.
САЗ рэкамэндуе практыкаваць сацыяльнае дыстанцыяваньне, адмовіцца ад неабавязковых выхадаў «у людзі» і не праводзіць масавыя мерапрыемствы. І што мы бачым? Людзі сядзяць плячо ў плячо і падпісваюць паштоўкі. Для мэдыкаў.
Навошта ўпустую павялічваць нагрузку на пошту? Навошта штучна ствараць натоўп? Навошта павялічваць рызыкі для тых, хто на пошце працуе? Навошта так па-дурному траціць прыродныя рэсурсы і, што самае галоўнае, навошта ставіць мэдыкаў пад яшчэ большую рызыку?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самая вялікая рызыка — чатыры выходныя дні», — міністар Каранік заклікаў заставацца дома на РадаўніцуКаб зьменшыць рызыкі для сябе, яны выкарыстоўваюць усе сродкі абароны, да якіх маюць доступ. Каб абараніць родных, некаторыя зь іх часова жывуць у гатэлях. Яны максымальна абмяжоўваюць неабавязковыя кантакты з навакольным сьветам, каб не заразіцца самім і не заразіць іншых. Але БРСМ вырашыў, што так ня пойдзе і што мэдыкам вельмі не хапае паперы, на якой, верагодна, ёсьць вірусы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта мясарубка». Жыхарка Віцебску — у адным шпіталі з пнэўманіяй, муж памёр у іншым з каранавірусамКалі ідэя акцыі ў тым, каб заразіць мэдыкаў і даць ім магчымасьць адпачыць на бальнічным, дык усё робіцца правільна. Але ж мэта анансавалася іншая — паштоўкі дасылаюць, каб выказаць мэдыкам словы падзякі за адданую працу.
Прычыняюць дабро, як умеюць. А рэальныя наступствы не такія ўжо істотныя — абы плян па мерапрыемствах быў выкананы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.