У адпаведнасьці з указам Аляксандра Лукашэнкі «Аб матэрыяльным стымуляваньні работнікаў аховы здароўя» мэдычным работнікам за працу ва ўмовах, зьвязаных з інфэкцыямі, устанавілі штомесячныя надбаўкі, памер якіх розьніцца ў залежнасьці ад арганізацыі і катэгорыі работніка, паведамляе БелТА.
У паліклініках і ў Рэспубліканскім цэнтры арганізацыі мэдычнага рэагаваньня штомесячная надбаўка лекарам складзе 1 тысячу беларускіх рублёў, мэдычным работнікам зь сярэдняй спэцыяльнай мэдычнай адукацыяй — 500 рублёў, іншым работнікам — 300 рублёў.
У інфэкцыйных аддзяленьнях, прыёмных аддзяленьнях бальніц, у санітарна-эпідэміялягічных арганізацыях, якія працуюць на памежных пераходах, санітарна-карантынных пунктах, праводзяць лябараторныя дасьледаваньні на вірусныя інфэкцыі, у лябараторыях арганізацый аховы здароўя і РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі, у патолягаанатамічных, рэнтгенаўскіх аддзяленьнях (кабінэтах), у аддзяленьнях (кабінэтах) рэнтгенаўскай кампутарнай тамаграфіі штомесячная надбаўка лекарам складзе 1,5 тысячы рублёў, мэдработнікам зь сярэдняй спэцыяльнай мэдычнай адукацыяй — 1,3 тысячы рублёў, іншым работнікам — 900 рублёў.
У аддзяленьнях анэстэзіялёгіі і рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі, у хуткай мэдычнай дапамозе штомесячная надбаўка лекарам складзе 3 тысячы рублёў, мэдычным работнікам зь сярэдняй спэцыяльнай мэдычнай адукацыяй — 2 тысячы рублёў, іншым работнікам — 1 тысячу рублёў.
У аддзяленьнях анэстэзіялёгіі і рэанімацыі, у лябараторыях, якія праводзяць тэсты на каранавірус, работнікі, якіх перавялі на закрыты 3-зьменны рэжым працы, атрымаюць штомесячныя надбаўкі: лекары — 4 тысячы рублёў, мэдработнікі зь сярэдняй спэцыяльнай мэдычнай адукацыяй — 3 тысячы рублёў, іншыя работнікі — 1,5 тысячы рублёў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ