Злучаныя Штаты па-ранейшаму ачольваюць намаганьні міжнароднай супольнасьці ў барацьбе з пандэміяй каранавірусу, а таксама ў аказаньні гуманітарнай дапамогі пацярпелым краінам, нягледзячы на тое, што ім самім даводзіцца змагацца з эпідэміяй на сваёй тэрыторыі.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Дзяржаўнага дэпартамэнту.
Зьнешнепалітычнае ведамства ЗША падкрэсьлівае, што Вашынгтон выдзеліў каля 508 мільёнаў даляраў на дапамогу дзясяткам краін па ўсім сьвеце. «Гэтыя сродкі павінны падтрымаць найважнейшую дзейнасьць у стрымліваньні распаўсюду захворваньня, такую як кампаніі своечасовага інфармаваньня насельніцтва, водазабесьпячэньне, прафіляктыка і кантроль над інфэкцыйнымі захворваньнямі ў мэдычных установах», — адзначаюць у Дзярждэпартамэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра плян вяртаньня амэрыканцаў да працы: «Асьцярожна, крок за крокам»Асабліва адзначана дапамогу, якую ЗША аказваюць краінам Афрыкі. Аднак сродкі выдзелены і шэрагу эўрапейскіх краін, уключаючы Італію. Сярод тых, каму дапамагаюць ЗША, і шэраг краін былога СССР — адзначае Голас Амэрыкі. У прыватнасьці, Беларусь атрымае 1,3 мільёна даляраў на падрыхтоўку лябараторый, падтрымку тэхнічных экспэртаў, удасканаленьне сыстэмы інфармаваньня пра рызыкі.
Украіна атрымае 9,1 мільёна даляраў, сярод іншага, на ўдасканаленьне сыстэм водазабесьпячэньня ў найбольш уразьлівых раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей. Дапамогу атрымаюць Грузія, Армэнія і Азэрбайджан, а таксама краіны Цэнтральнай Азіі.