17 красавіка а 12.00 у Грузіі праз распаўсюд каранавірусу цалкам забаранілі рух легкавога транспарту. Пра гэта абвясьціў прэс-сакратар прэм’ер-міністра краіны Іраклій Чыкавані.
Забарона працягнецца да канца рэжыму надзвычайнага становішча, 21 красавіка, і не закране грузавых перавозак, у тым ліку машын дыстрыбуцыі. У звычайным рэжыме працягнуць працаваць аптэкі, прадуктовыя крамы і службы дастаўкі.
«Акрамя таго, абавязковым становіцца нашэньне мэдыцынскіх масак у закрытых грамадзкіх месцах», — абвясьціў Чыкавані.
Ва ўрадзе афіцыйна паведамілі і аб часовым закрыцьці могілак.
У Грузіі з прычыны пандэміі каранавірусу абвешчаны рэжым надзвычайнага становішча да 21 красавіка, улады плянуюць яго працягнуць да 10 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія падоўжыла карантын яшчэ на тры тыдні