Інфармацыю пра колькасьць хворых на COVID-19 у Віцебскай вобласьці агучылі ў абласным штабе супрацьдзеяньня пашырэньню каранавірусу, перадае БелТА.
У Докшыцкім раёне афіцыйна пацьвердзілі наяўнасьць 72 пацыентаў з COVID-19.
У іншых раёнах наступная колькасьць хворых COVID-19:
- Бешанковіцкі — 27;
- Лёзьненскі — 22;
- Браслаўскі — 1
- Мёрскі — 1.
Адкрытую статыстку па колькасьці інфэкаваных каранавірусам у іншых раёнах раней публікавалі «Народныя навіны Віцебска» :
- Аршанскі — 40;
- Верхнядзьвінскі — 1;
- Віцебскі — 1000;
- Вушацкі — 8;
- Гарадоцкі — 4;
- Глыбоцкі — 2;
- Дубровенскі — 1;
- Пастаўскі — 13;
- Полацкі — 9;
- Сеньненскі — 2;
- Шумілінскі — 12.
Такім чынам, каранавірус пацьверджаны ў 16 раёнах з 21 у Віцебскай вобласьці. Найбольшая шчыльнасьць хворых — у Докшыцкім і Віцебскім раёнах.
Іншую статыстыку пазьней агучыў міністар аховы здароўя. Падчас прэсавай канфэрэнцыі Ўладзімер Каранік паведаміў, што ў Докшыцах 20 лябараторна пацьверджаных выпадкаў COVID-19, у Бешанковічах — 7, у Лёзна — 8. На апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, па словах міністра, у Докшыцах знаходзяцца два чалавекі.
Начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі паведаміў, што пацыентаў з вострымі рэсьпіраторнымі захворваньнямі ў вобласьці становіцца меней. За апошнія суткі іх колькасьць зьнізілася на 19,4% амаль ва ўсіх раёнах, сказаў ён.
Як пісала Свабода, у горадзе Докшыцах Віцебскай вобласьці адбыўся ўсплёск пнэўманіі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, на 8 красавіка ў раённым шпіталі былі 85 пацыентаў з пнэўманіяй, сярод іх і людзі з пацьверджаным каранавірусам. Няпрофільныя аддзяленьні мясцовай лякарні перавялі пад прыём пацыентаў з пнэўманіяй.
Больш за тыдзень докшыцкія ўлады не адказвалі на пытаньні журналістаў пра эпідэмію каранавірусу ў рэгіёне, не называлі колькасьці хворых і памерлых ад пнэўманіі і каранавірусу. Таксама новай інфармацыі пра гэта не публікавала раённая газэта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што хаваюць у Докшыцах? Рэпартаж з райцэнтра, дзе шпіталь перапоўнены хворымі на пнэўманію ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 40 памерлі. У Беларусі прызналі 4204 выпадкі COVID-19, плюс 476 за дзень