Магілёўскі абласны суд павялічыў суму штрафу да 8 тысяч 100 рублёў асуджанай на 2,6 гадоў калёніі агульнага рэжыму былой загадчыцы дзіцячага садка No19 Крычава Але Пастуховай.
Паводле сьледзтва кіраўніца дзіцячай установы ўцягнула ў злачынную схему пабораў 16 супрацоўніц. Іх прызналі пацярпелымі. Ала Пастухова сваёй віны не прызнала.
16 красавіка Магілёўскі абласны суд разгледзеў апэляцыю Пастуховай на прысуд Чэрыкаўскага суду, які 30 студзеня прызнаў яе вінаватай у злоўжываньні ўладаю, перавышэньні службовых паўнамоцтваў з карысьлівых інтарэсаў, а таксама спробе крадзяжу дзяржаўнай маёмасьці. Судзьдзя Аляксандар Краўчанка пакараў тады Пастухову зьняволеньнем у калёніі агульнага рэжыму на 2,6 года і штрафам 1350 рублёў (50 базавых велічыняў). Ёй таксама на 3 гады забаранілі займаць кіроўныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былую загадчыцу «перадавога» садка з Крычава асудзілі. Яна вымагала ў падначаленых грошыПастухова і яе адвакат прасілі спыніць крымінальную справу праз адсутнасьць складу злачынства. Паводле Пастуховай падначаленыя абгаварылі яе, паколькі мелі непрыязнае стаўленьне.
З прысудам не пагадзіўся і пракурор Чэрыкаўскага раёну. Вырак Пастуховай за ўчыненыя ёй злачынствы ён палічыў мяккім і настойваў на пакараньні яе 4 гадамі зьняволеньня і штрафам у 500 базавых велічыняў.
Абласны суд агульнае пакараньне Пастуховай пакінуў бяз зьменаў — 2,6 гадоў калёніяў агульнага рэжыму, але павялічыў суму штрафу да 8 тысяч 100 рублёў (300 базавых велічыняў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць загадчыцу дзіцячага садка, якая вымагала грошы з падначаленых. Даніну плацілі 16 чалавек