На падкантрольнай расейскім сэпаратыстам Данецкай вобласьці адбыўся першы ў 2020 годзе абмен затрыманымі асобамі. Уладам Украіны перадалі 9 чалавек. З украінскага палону вызвалілі 10.
Абмен павінен быў адбыцца па схеме 9 на 11, аднак, па словах упаўнаважанай у правах чалавека «ДНР» Дар’і Марозавай, адзін чалавек адмовіўся вяртацца на падкантрольную прарасейскім сэпаратыстам тэрыторыю.
Фатаграфіі вызваленых грамадзян Украіны ў сваім фэйсбуку апублікавала ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Людміла Дзянісава.
Праз каранавірус усіх вызваленых адправяць на двухтыднёвы карантын.
Таксама чакаецца абмен палоннымі на падкантрольнай расейскім сэпаратыстам Луганскай вобласьці. Агулам улады Ўкраіны плянуюць вызваліць з палону 19 сваіх грамадзян.
Апошні абмен палоннымі прайшоў у сьнежні летась. Тады Кіеву перадалі 76 чалавек, хоць плянавалі вярнуць 120.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 19 на 18. Украіна і групоўкі «ДНР-ЛНР» пачалі абмен палоннымі, вызваленых чакае карантын па COVID-19