Онлайн-канфэрэнцыя Мінадукацыі ідзе без жывой трансьляцыі. Настаўнікі абураныя 

Дыстанцыйнае навучаньне

На сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА была анансаваная і 16 красавіка праводзіцца онлайн-канфэрэнцыя, прысьвечаная арганізацыі адукацыйнага працэсу з прымяненьнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій.

Альгарытм дыстанцыйнага навучаньня ва ўмовах пандэміі каранавірусу распрацавала Міністэрства адукацыі. Гэта, на думку аўтараў канцэпцыі, дазволіць ужываць адзіныя падыходы да індывідуальнага навучаньня з улікам сытуацыі ў рэгіёне і канкрэтнай установе адукацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кароткія стрымы, гейміфікацыя, квізы і бонусы. Спыталі ў школьнікаў, якога дыстанцыйнага навучаньня яны хочуць

За круглы стол запрасілі экспэртаў: прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, кіраўніцтва Нацыянальнага інстытуту адукацыі, рэктараў дзяржаўных ВНУ, дырэктараў сярэдніх школаў.

Арганізатары запрашалі далучыцца ўсіх зацікаўленых. Праўда, пытаньні можна задаваць толькі з імёнамі-прозьвішчамі, ананімныя не прымаюцца.

Але жывая трансьляцыя адсутнічае, пра што гавораць госьці, пакуль невядома. Не разумеючы канву гутаркі, задаваць пытаньні бяссэнсоўна, мяркуе выкладчыца Ганна Севярынец.

Ганна Севярынец

«Пачалася онлайн-канфэрэнцыя Мінадукацыі ў арганізацыі дыстанцыйнага навучаньня. Але глядзець яе нельга. Можна задаваць пытаньні праз сайт БелТА, але пра што, невядома, бо мы ня чуем саму канфэрэнцыю. Каму іх задаваць, незразумела, бо ня бачым, хто там знаходзіцца, хто за якую тэму адказвае... А можна, я так сама арганізую дыстанцыйнае навучаньне? Буду весьці онлайн-урокі, але дзеці ня змогуць іх бачыць; няхай дасылаюць мне пытаньні, але адкажу я на іх ці не — невядома. Вынікі заняткаў хай чытаюць на БелТА», — напісала Ганна Севярынец на сваёй старонцы ў Facebook.

Прэсавая сакратарка Мінадукацыі Людміла Высоцкая паведаміла Свабодзе, што круглы стол сапраўды цяпер запісваюць і пакажуць у запісе, тады ўсе адказы на пытаньні будуць даступныя. А каб падрыхтаваць адказы на пытаньні, патрэбен час, сказала яна.

Вынікі онлайн-канфэрэнцыі апублікуюць на сайце БелТА пазьней.