Гаварыць на сваёй мове і быць прыгожай. Размова зь японскай лінгвісткай

Мадока Гамінэ, лінгвістка зь Японіі, спэцыялістка ў рукюскіх мовах

Мадока Гамінэ — японская лінгвістка, нарадзілася на Окінаве, найбольшым востраве архіпэлягу Рукю, які ляжыць паміж вялікім японскім востравам Кюсю і Тайванем і складаецца з амаль сотні астравоў і астраўкоў.

Мадока вывучае карэнныя мовы архіпэлягу Рукю, якія моцна адрозьніваюцца як ад стандартнай японскай, так і адна ад адной. Усе гэтыя мовы апынуліся сёньня пад пагрозай зьнікненьня.

Нядаўна Мадока абараніла ў Ляпляндзкім унівэрсытэце ў Фінляндыі доктарскую дысэртацыю, прысьвечаную рукюскім мовам і параўнаньні іх сытуацыі з мовай саамаў у Скандынавіі.

З Мадокай мы пазнаёміліся ў 2016 годзе ў Глазга ў Шатляндыі, на лінгвістычнай канфэрэнцыі, прысьвечанай «малым мовам», якім пагражае адыход у небыцьцё.

Мадока Гамінэ

— Мадока, скажы спачатку, як цяпер выглядае сытуацыя з каранавірусам у Японіі? Ці людзі застаюцца ў дамах? Ты таксама?

— Так. Асабліва «на мацерыку» многа інфікаваных каранавірусам. Кажучы «мацярык», я маю на ўвазе вялікія гарады, такія як Токіё ці Осака. Наш прэм’ер-міністар заявіў, што мы павінны заставацца дома. Шмат маіх сяброў у Токіё застаюцца дома і працуюць адтуль. Я цяпер на Окінаве. У нас тут пакуль няшмат заражаных каранавірусам. Я працую ва ўнівэрсытэце, але заняткаў у нас цяпер няма. Усе заняткі прыпыненыя. Я цяпер рыхтуюся да навучаньня сваіх студэнтаў онлайн.

— Калі мы дамаўляліся на размову, ты якраз была ў палявой экспэдыцыі. Дзе ты была і што рабіла? Ці не баялася інфэкцыі?

— Я была там, дзе сытуацыя з эпідэміяй значна лепшая, чым у астатняй частцы Японіі. Я была на маленькім астраўку на поўдні архіпэлягу Рукю. Астравок называецца Ёнагуні (ён у групе астравоў Яэяма). На гэтым астраўку людзі гавораць на ёнагунскай мове, якая апынулася пад пагрозай поўнага зьнікненьня. Там былі два мастакі з Эўропы, якія зьнімалі дакумэнтальны фільм пра гэты астравок і мову яго насельнікаў. Я ім дапамагала як перакладчыца.

— Патлумач крыху сытуацыю з мовамі на архіпэлягу Рукю. Я толькі ведаю, што там некалькі розных моваў. Як яны называюцца? І як называецца твая родная мова?

— Згодна з тым, што падае UNESCO, ёсьць шэсьць рукюскіх моваў — амамійская, кунігамская, окінаўская, міяканская, яэямская, ёнагунская. Але для некаторых у Японіі гэта ня мовы, а дыялекты. З чыста лінгвістычнага гледзішча гэта асобныя мовы. У мяне дзьве спадчынныя мовы, таму што мой бацька з аднаго вострава, а маці з другога. Адна зь іх называецца яэямскай, а другая — окінаўскай.

— І ты можаш гаварыць на абедзьвюх?

— Я як лінгвістка шмат працавала з яэямскай мовай, таму гавару на ёй лепш, чым на окінаўскай.

— Ці гэтыя мовы ўзаемна зразумелыя? То бок ці чалавек, які ведае толькі окінаўскую мову, можа зразумець яэямскую, і наадварот?

— Не. Калі ты гаворыш на чыстай яэямскай мове, чалавек з окінаўскай мовай будзе мець вялікія праблемы, каб цябе зразумець, або і зусім не зразумее. Безумоўна, ёсьць некаторыя падобныя словы ці падобныя граматычныя рысы ў гэтых мовах, але нельга сказаць, што яны ўзаемна зразумелыя. Ну і ўсе рукюскія мовы моцна адрозьніваюцца ад стандартнай японскай.

— Ці шмат людзей гаворыць на рукюскіх мовах?

— Няшмат. Няма дакладных зьвестак адносна гэтага. Я магу табе толькі сказаць, што на адным з варыянтаў мае мовы — яэямскай — у вёсцы Міяля на востраве Яэяма гавораць прыблізна дзьве сотні людзей.

Мадока Гамінэ

— Мадока, дык навошта падтрымліваць мовы з так малалікімі носьбітамі? Раней ці пазьней яны ж памруць… Чаму ты гэтым цікавісься і займаесься?

— Калі я вучылася ў Эўропе, каб атрымаць магістэрскую ступень, а потым доктарскую, шмат хто (у тым ліку людзі зь японскага «мацерыка») пытаўся ў мяне, адкуль я і на якой мове размаўляю. Калі чулі, што я з Окінавы, дык усклікалі «О!» і прасілі, каб я сказала ім нешта па-окінаўску. А мяне зь дзяцінства выхоўвалі толькі ў японскай мове і казалі, што я такая ж японка, як і ўсе. У Эўропе я зразумела, што людзі бачаць ува мне перш за ўсё японку з Окінавы. І я тады адчувала сябе вельмі дзіўна — я не гавару на сваёй мове! Чаму? Таму ў сваім дарослым жыцьці я раблю намаганьні, каб вывучыць і падтрымаць рукюскія мовы. Ну і шматлікія мясцовыя людзі на Рукюскіх астравах адчуваюць лучнасьць са сваімі мовамі. І адначасова смутак, што мы страчваем гэтыя мовы…

— А як ты вывучыла свае спадчынныя мовы? Ты папрасіла сваіх бацькоў ці сваякоў, каб яны нарэшце загаварылі з табою па-свойму?

— Я навучылася гаварыць па-свойму ад сваёй бабулі. Яэямская — ейная мова ад калыскі. Калі я пачала цікавіцца гэтай мовай у яе вясковай супольнасьці, бабуля спачатку не хацела гаварыць са мной па-свойму, таму што ніколі раней не гаварыла са мной па-яэямску. Але я не пераставала яе прасіць, я не пераставала задаваць ёй пытаньні, тлумачачы, як моцна хачу навучыцца гэтай мове. І паступова бабуля станавілася больш прыхільнай, ну і больш мне блізкай. Пачаўшы вучыцца сваёй мове, я адчула, што моцна зблізілася з бабуляй. Гэта было такое добрае адчуваньне. Бабулі цяпер 97 гадоў.

— Ці ёсьць нейкія слоўнікі рукюскіх моваў?

— Добрае пытаньне. Мы маем некалькі слоўнікаў. Мы маем адзін вялікі слоўнік яэямскай мовы, але ён ахоплівае толькі адну разнавіднасьць гэтай мовы, адзін дыялект. А яэямская мова існуе ў некалькіх жывых варыянтах — розныя вёскі гавораць па-рознаму. У тым адна з праблемаў.

Але апошнім часам пачалі ўзьнікаць і арганізацыі, зацікаўленыя ў падтрыманьні мясцовых моваў, і кніжкі на гэтых мовах. Напрыклад, Яэямскае культурнае таварыства пачало выдаваць кніжкі для дзяцей.

— А ці ў школах нехта вучыць гэтым мовам?

— Гэта яшчэ адно добрае пытаньне. У афіцыйнай школьнай праграме навучаньне рукюскіх моваў не прадбачана. Але ў некаторых мясцовых школах некаторыя настаўнікі навучаюць гэтым мовам. Яны запрашаюць старых людзей на ўрокі, і тыя гавораць да дзяцей па-свойму. Але гэта не абавязковае навучаньне, а факультатыўнае.

Анонс праекту ў падтрымку рукюскіх моваў у Японіі


— Мадока, у цябе цудоўны загаловак доктарскай дысэртацыі ў лінгвістыцы — Speaking my Language and Being Beautiful (гаварыць на сваёй мове і быць прыгожай). У нашай частцы сьвету, калі б нехта і асьмеліўся назваць дысэртацыю ў такім стылі, ён хутчэй сказаў бы — «Гаварыць на сваёй мове і не саромецца». А ты гаворыш не пра сорам, а пра прыгажосьць? Чаму?

(Сьмяецца.) І яшчэ адно добрае пытаньне. Разумееш, некаторыя людзі з нашай моўнай супольнасьці ўсё яшчэ перакананыя, — магчыма, на падсьвядомым узроўні — што наша мова «брудная». Людзей з пакаленьня маёй бабулі, напрыклад, каралі за тое, што яны гавораць на сваёй мове, і яны былі вымушаныя перайсьці на японскую. Ім трэба было гаварыць па-японску, каб ня мець праблемаў у жыцьці. Таму яшчэ сёньня ёсьць сярод нас людзі, у сьвядомасьці якіх адціснуўся стэрэатып — японская мова прыгожая, каштоўная, а свая, яэямская — брудная і малакаштоўная. Калі мы хочам, каб гэтая мова жыла і мы на ёй гаварылі, трэба зьмяніць гэтую асацыяцыю зь непрыгожым. Яэямская мова прыгожая. І гаварыць на сваёй мове — гэта быць прыгожым ці прыгожай. Я не кажу, што японская мова непрыгожая. Я кажу ў сваёй дысэртацыі, што яэямская мова — ня «брудная»…

— Калі ў перадачы мовы здараецца разрыў паміж пакаленьнямі, і мову перастаюць ужываць у сям’і, што можа дапамагчы ў вяртаньні яе да жыцьця? Школа, выдаваньне кніжак, СМІ, моўны закон аб абароне мовы меншасьці?

Я думаю, усе гэтыя рэчы разам. Японская мова гучыць у нас паўсюль, і супрацьставіцца ёй можна толькі такімі агульным высілкамі — урокамі сваёй мовы ў школе, кнігавыданьнем на сваёй мове, сваёй мовай у мэдыях. І дзяржаўны закон аб ахове рукюскіх моваў быў бы вельмі дарэчы. Мы такога закону ня маем.

— У сваёй дысэртацыі ты параўноўваеш сытуацыю рукюскіх моваў з саамскай мовай у паўночнай Скандынавіі, то бок у Ляпляндыі. Як ты наагул даведалася, што такая мова існуе, і чаму зацікавілася ёю?

— Калі я пачала вучыцца ў Эўропе, у Шатляндыі, я была моцна зьдзіўленая, што ў Эўропе так многа моваў, што людзі гавораць на розных мовах і лічаць гэта нармальным. (Сьмяецца.) Ну, напрыклад ты — гаворыш па-польску, па-беларуску, па-ангельску, і яшчэ па-свойму. Калі я цябе сустрэла ў 2016-м у Глазга, гэта мяне ўжо не зьдзіўляла. Але раней — так… Я была вельмі зьдзіўленая, калі дазналася, што мова саамі — адзіная мова карэннага народу ў Эўропе, якая мае афіцыйны статус [мова саамі мае статус афіцыйнай мовы ў Нарвэгіі; у Фінляндыі і Швэцыі ў некаторых рэгіёнах яна мае статус мовы меншасьці. — РС]. І я тады зацікавілася, як народу саамі ўдаецца зьберагаць сваю мову, і паставіла сабе пытаньне — чаму так не атрымліваецца ў маёй моўнай супольнасьці? Таму я пастанавіла пераехаць з Шатляндыі ў Фінляндыю і там павучыцца.

— Наколькі, па-твойму, за лёс мовы меншасьці здольная перажываць моўная большасьць? Ці магчыма моўнай большасьці зразумець і адчуць боль меншасьці з прычыны зьніканьня яе мовы?

— Я пра гэта таксама напісала ў сваёй дысэртацыі. Я лічу, што карэнныя мовы — яны ня толькі для карэнных народаў. Калі ты належыш да моўнай большасьці, але ведаеш і шануеш тое, што робіць моўная меншасьць, каб захаваць сваю карэнную ці спадчынную мову, гэта табе дае шмат пазытыўнай энэргіі і пазытыўна ўплывае на тое, што робіш ты сам для большасьці.

Ян Максімюк і Мадока Гамінэ, Глазга, чэрвень 2016

— Апошняе пытаньне: на якіх мовах можаш размаўляць ты — прадстаўніца моўнай меншасьці?

— Я магу гаварыць на яэямскай мове, вывучаю окінаўскую. Вядома, гавару на японскай. І на ангельскай. Я яшчэ вучылася ў Італіі, так што магу і на італьянскай…

Ага, забылася табе сказаць. Цяпер мы маем радыёперадачу на Окінаве, у якой я гавару выключна па-яэямску. Перадача толькі пачалася, і да кожнага выхаду ў эфір я завучваю новыя словы. Гэта такая радасьць для мяне, што ня можаш сабе ўявіць!

— Думаю, што магу. Я быў якраз у Японіі, на лінгвістычным сымпозіюме ў Токіё ў 2015 годзе, калі пачуў зь Беластоку першую радыёперадачу цалкам па-падляску. У маіх вачах закруціліся сьлёзы ад радасьці.